NATO рыхтуе плян маштабнай эвакуацыі параненых вайскоўцаў на выпадак вайны з Расеяй

Амэрыканскія вайскоўцы прыбываюць у Нямеччыну

У NATO распрацоўваюць плян маштабнай эвакуацыі параненых з лініі фронту ў выпадку вайны з Расеяй, распавёў у інтэрвію агенцтву Reuters генэрал-лейтэнант Аляксандр Солфранк, кіраўнік камандаваньня матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Альянсу.

Паводле яго, будучы сцэнар мэдычнай эвакуацыі будзе адрозьнівацца ад вопыту саюзьнікаў у Афганістане і Іраку. У выпадку канфлікту з Расеяй заходнія вайскоўцы, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца са значна большай зонай баявых дзеяньняў, большай колькасьцю параненых вайскоўцаў і, па меншай меры, часовай адсутнасьцю перавагі ў паветры паблізу лініі фронту, сказаў нямецкі генэрал.

«Задача будзе палягаць у тым, каб хутка забясьпечыць якасную дапамогу, у горшым выпадку, вялікай колькасьці параненых», — сказаў ён, не ўдакладніўшы, колькі параненых вайскоўцаў NATO чакае.

Плянаваньне мэдычнай эвакуацыі зьяўляецца часткай значна больш шырокіх дзеяньняў NATO, выкліканых уварваньнем Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, каб перагледзець і павысіць сваю здольнасьць стрымліваць і абараняцца ад любога расейскага нападу.

Нямецкія вайскоўцы заяўляюць, што чакаюць, што Расея зможа напасьці на краіну НАТО пасьля 2029 году.

Генэрал Солфранк кіруе Аб’яднаным камандаваньнем падтрымкі і забесьпячэньня (JSEC) NATO, якому даручана каардынаваць хуткае перамяшчэньне войскаў і вайсковай тэхнікі па Эўропе, а таксама матэрыяльна-тэхнічную падрыхтоўку. Нядаўна JSEC, сядзіба якога знаходзіцца ў горадзе Ульм на поўдні Нямеччыны, зладзіў вучэньні па каардынацыі плыняў пацыентаў.

Калі ўзьнікне канфлікт з Расеяй, параненых вайскоўцаў трэба будзе ня толькі перавозіць на большую адлегласьць, чым у іншых войнах апошніх гадоў, сказаў Солфранк. Паводле яго, расейская СПА і рэактыўныя самалёты пагражалі б палётам самалётаў мэдычнай эвакуацыі, што стварае патрэбу ў шпітальных цягніках, якія могуць перавозіць больш пацярпелых адначасова, чым самалёты.

«Найперш трэба будзе дасягнуць перавагі ў паветры. Для дасягненьня посьпеху па ўсёй даўжыні і глыбіні лініі фронту спатрэбіцца час, — сказаў Солфранк. — Неабходна разгледзець усе варыянты дастаўкі вялікай колькасьці параненых у мэдычныя ўстановы, што ўключае ў сябе цягнікі, але, магчыма, і аўтобусы».

Розныя мэдычныя правілы ў розных краінаў — яшчэ адна перашкода, якую трэба пераадолець, адзначыў кіраўнік JSEC. Рашэньнем можа быць «вайскова-мэдычны Шэнген», падобны да палітычнай Шэнгенскай зоны, якая дазваляе свабоднае перамяшчэньне па большай частцы Эўразьвязу. Гэта можа пацягнуць за сабой зону свабоднай цыркуляцыі для адчувальных лекаў, такіх як наркотыкі або моцныя абязбольвальныя, якія спатрэбяцца для лекаваньня параненых вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін лічыць Захад агрэсарам з тае прычыны, што Захад дапамагае Ўкраіне ўзбраеньнямі. Вайна ва Ўкраіне стала прычынай самага вострага супрацьстаяньня паміж Расеяй і Захадам пасьля Карыбскага ракетнага крызісу 1962 года, адзначае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу бундэсвэру бачыць рэальную пагрозу для NATO з боку Расеі ад 2029 году