Пра гэта расказала на прэс-канфэрэнцыі 26 верасьня намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.
Паводле яе, маніторынг прыватных пансіянатаў па ўсёй Беларусі пачалі яшчэ ў 2022 годзе пасьля «рэгулярных зваротаў» сваякоў тых, хто знаходзіўся там, з указаньнямі на «невыкананьне нормаў бясьпекі, санітарных правілаў і якасьць наданьня сацыяльных паслуг».
Па выніках праверак прыватных пансіянатаў спэцыялісты ўбачылі «сур’ёзныя парушэньні», адзначыла чыноўніца і прывяла ў прыклад прыватны пансіянат у Менскім раёне, у якім, паводле яе, падчас праверак у 14 з 25 пастаяльцаў выявілі каросту.
Таксама сярод выяўленых парушэньняў яна назвала парушэньні правілаў бясьпекі (незахаваньне элемэнтарных патрабаваньняў да эвакуацыі, адсутнасьць эвакуацыйных выхадаў, пражываньне цяжкіх ляжачых хворых у падвальных памяшканьнях і на цокальных паверхах), невыкананьне санітарных правілаў (прадукты з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасьці, неналежнае захоўваньне прадуктаў, адсутнасьць санітарных кніжак у кухонных супрацоўнікаў і інш.)
«Пра якасьць сацыяльных паслуг можна ўвогуле прамаўчаць», — адзначыла Арцёменка.
Яна патлумачыла, што закон аб ліцэнзаваньні прынялі ў Беларусі ў сьнежні 2023 году, норма аб ліцэнзаваньні пансіянатаў набыла моц 1 ліпеня 2024 году, а да 1 кастрычніка ўсе прыватныя пансіянаты павінны атрымаць ліцэнзію на ажыцьцяўленьне дзейнасьці.
- Летась у Беларусі правялі маштабныя праверкі прыватных дзіцячых садкоў і школ, пасьля якіх значную частку зь іх зачынілі. Установы адукацыі прыватнай формы ўласнасьці ў Беларусі таксама павінны праходзіць ліцэнзаваньне. Паводле стану на пачатак 2024 году міністар адукацыі Андрэй Іванец паведамляў, што цяпер у Беларусі функцыянуюць шэсьць прыватных адукацыйных установаў.