Ціск на мяжы зь Беларусьсю ўзмацняецца, — міністар абароны Польшчы

Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы

Сытуацыя на мяжы Польшчы зь Беларусьсю сур’ёзная, ціск у апошнія тыдні і дні ўзмацняецца, заявіў польскі віцэ-прэм’ер — міністар нацыянальнай абароны Ўладзіслаў Касіняк-Камыш 26 верасьня на брыфінгу пасьля сустрэчы з камандаваньнем на польска-беларускай мяжы, піша «Позірк» са спасылкай на прэс-службу польскага ўраду.

Пасьля ліпеня, які быў «спакойным месяцам», і жніўня, калі колькасьць спробаў нелегальных пераходаў беларуска-польскай мяжы была не такая вялікая, верасень прынёс іх павелічэньне, сказаў міністар.

Паводле інфармацыі Касіняка-Камыша, з 1 па 26 верасьня было ўчынена каля 2,5 тысячы спробаў перасекчы мяжу Польшчы з боку Беларусі, а агулам за 2024 год — 26 тысячаў.

«Гэта столькі ж, колькі за ўвесь 2023 год, а да канца гэтага году засталося яшчэ больш за тры месяцы. Гэта паказвае, што гэты год значна больш складаны, ціск на мяжы і агрэсіўнасьць груповак, якія спэцыялізуюцца на нападах на салдатаў і афіцэраў, вышэйшыя, чым калі-колечы», — сказаў міністар.

Ён згадаў апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша», у рамках якой польскія вайсковыя падразьдзелы з 1 жніўня нясуць службу на мяжы зь Беларусьсю згодна з новымі правіламі. Паводле міністра, яна праходзіць бяз збояў. У апэрацыі бяруць удзел да 17 тысяч вайскоўцаў, з іх 8 тысяч знаходзяцца непасрэдна каля мяжы, астатнія — у стратэгічным рэзэрве.

Польшчы неабходна выконваць міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека на мяжы зь Беларусьсю — такая выснова ўтрымліваецца ў заяве камісара Рады Эўропы па правах чалавека Майкла О’Флаэрці па выніках наведваньня польскай дзяржавы 16–18 верасьня. Місія прадстаўніка Рады Эўропы была выкліканая «паведамленьнямі пра інцыдэнты на польска-беларускай мяжы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску затрымалі ў Польшчы за перавоз мігрантаў
  • 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню незалежнасьці, чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у ЭЗ, бо іх туды «паклікалі», у Беларусі іх «лавіць ня будуць».
  • 6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Паводле Памежнай аховы Польшчы, вайсковец стаў ахвярай нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
  • 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона, пакуль што тэрмін яе дзеяньня вызначаны як 90 дзён.
  • Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і Эўразьвязу працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.