«ПіК Свабоды». Беларусь і ядзерныя гульні Пуціна. Да чаго гэта прывядзе?

Максім Старчак. Каляж.

У выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расея пакідае за сабой права прымяніць ядзерную зброю — гэта прадугледжана ў праекце абноўленай рэдакцыі ядзернай дактрыны Расеі. Яе анансаваў Уладзімір Пуцін.

Таксама Расея можа задумацца аб прымяненьні ядзернай зброі пасьля атрымання дакладных звестак аб масіраваным удары варожых ракет і бесьпілётнікаў па сваёй тэрыторыі. Навошта гэтыя зьмены спатрэбіліся менавіта цяпер, да чаго яны могуць прывесьці і хто або што можа спыніць ядзерную пагрозу з боку Расеі?

Глядзіце інтэрвію з Максімам Старчакам, экспэртам у расейскай ядзернай зброі, навуковым супрацоўнікам Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе.

На думку экспэрта, гэта чарговая спроба напалохаць Захад і ўнесьці ва ўкраінска-расейскі канфлікт ядзерны фактар. Гэта спроба заявіць Захаду, што ў выпадку неабходнасьці Расея будзе здольная выкарыстаць ядзерную зброю.

«Пуцін гэтым разам афіцыйна заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад поўным ядзерным парасонам Расейскай Фэдэрацыі. Раней гэтага афіцыйна ня было. Гаворка раней ішла, што Беларусь можа быць абароненая ядзернымі ракетамі РФ, калі на Беларусь будзе ўчынены напад балістычнымі ракетамі або іншай зброяй масавага паражэньня. А цяпер Пуцін кажа, што любы напад на Беларусь можа мець ядзерны адказ» — гаворыць Старчак.

Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня мае вялікага вайсковага значэньня, перакананы экспэрт. Ён называе гэта дадатковаым палітычным крокам Расеі і Беларусі, каб аказаць ціск на Захад і ЗША, унесьці ў канфлікт ядзерны факт.

«Магчыма яны чакалі, што Захад таксама адкажа чымсьці ядзерным і тады б узьнікла нагода для перамоваў і дамоваў. Але адказу на гэты крок яны не атрымалі. Таму гэты крок аказаўся абсалютна пустым», — лічыць Максім Старчак.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.