Расея вырабляе ў Кітаі новую мадэль дронаў, — Reuters

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведвае вытворчасьць дронаў у Санкт-Пецярбургу, 19 верасьня 2024 году

Расея распрацавала і выпрабавала новыя бесьпілётнікі з удзелам кітайскіх спэцыялістаў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы з эўрапейскай выведкі і дакумэнты, атрыманыя агенцтвам. Белы дом выказаў глыбокую занепакоенасьць паведамленьнем аб магчымай вытворчасьці дронаў у Кітаі.

Паводле зьвестак Reuters, новы дрон G3 («Гарпія-3») быў створаны і выраблены Іжэўскім электрамэханічным заводам «Купал» — даччыным прадпрыемствам карпарацыі «Алмаз-Антэй». Распрацоўка, вытворчасьць і выпрабаваньні дрона прайшлі пры падтрымцы кітайскіх спэцыялістаў. Таксама паведамляецца, што «Купал» накіраваў міністэрству абароны Расеі даклад пра тое, што яму ўдалося наладзіць буйнамаштабную вытворчасьць дронаў, уключаючы «Гарпія-3», на адным з кітайскіх заводаў.

Згодна з дакумэнтамі, «Гарпія-3» уяўляе сабой удасканаленую вэрсію дрона «Гарпія-A1». Апарат здольны пераадольваць да 2000 кілямэтраў з карыснай нагрузкай 50 кіляграмаў, адзначаецца ў дакладзе «Купала», які паступіў у Мінабароны Расеі.

На запыты Reuters аб камэнтарах ні «Купал», ні «Алмаз-Антэй», ні Мінабароны Расеі не адказалі. Міністэрства замежных спраў Кітая заявіла, што не валодае інфармацыяй пра такі праект.

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША паведаміў, што Вашынгтон не знайшоў ніякіх доказаў таго, што Кітай быў паінфармаваны аб праведзеных транзакцыях або датычнасьці Пэкіну да наданьня сьмяротнай дапамогі Расеі.

«Але ўрад КНР таксама нясе адказнасьць за тое, каб яго кампаніі не аказвалі сьмяротную дапамогу», — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Таксама ён падкрэсьліў, што ЗША гатовы неадкладна прыняць меры ў дачыненьні да кітайскіх кампаній, згаданых у матэрыяле Reuters, і правесьці расьсьледаваньне, каб высьветліць, якія банкі садзейнічалі апэрацыям з расейскай арганізацыяй, якая знаходзіцца пад санкцыямі. Вашынгтон таксама мае намер узгадніць свае дзеяньні з эўрапейскімі партнэрамі.

Раней Reuters паведамляў, што «Купал» зьбірае на заводзе ў Іжэўску дроны «Гарпія-А1» з выкарыстаньнем кітайскіх рухавікоў і дэталяў. З ліпеня 2023 году па ліпень 2024 году было выпушчана больш за дзьве з паловай тысячы «Гарпій».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі «Герань», паказаныя на парадзе ў Менску, імаверна, вырабілі не ў Беларусі