Расея пакідае за сабой права прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі ў дачыненьні да Беларусі — гэта прадугледжана ў праекце абноўленай рэдакцыі ядзернай дактрыны РФ, заявіў 25 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні Савета бясьпекі, паведамляе прэс-служба Крамля.
Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што з прычыны «узьнікненьня новых крыніц ваенных пагрозаў і рызык для Расеі і нашых саюзьнікаў» у ядзерную дактрыну Расеі прапанавана ўнесьці шэраг удакладненьняў у частцы вызначэньня ўмоваў ужываньня ядзернай зброі.
«Дапоўнены пералік ваенных пагрозаў, для нэўтралізацыі якіх выконваюцца мерапрыемствы ядзернага стрымліваньня», — прыводзіць словы Пуціна яго прэс-служба.
У абноўленай рэдакцыі ядзернай дактрыны агрэсію супраць Расеі з боку любой няядзернай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы прапануецца разглядаць як іх сумесны напад на Расею.
Расея будзе разглядаць магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ўжо пры атрыманьні «дакладнай інфармацыі» пра масіраваны старт сродкаў паветрана-касьмічнага нападу і перасячэньне імі дзяржаўнай мяжы. «Маю на ўвазе самалёты стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатыя ракеты, бесьпілётнікі, гіпэргукавыя і іншыя лятальныя апараты», — удакладніў Пуцін.
Акрамя таго, Расея пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніка «саюзнай дзяржавы». Гэтыя пытаньні ўзгодненыя зь беларускім бокам і асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў Пуцін.
«У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту», — дадаў ён.
- У 2020 годзе быў апублікаваны ўказ Пуціна «Аб асновах дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымліваньня».
- Паводле тагачаснай рэдакцыі дакумэнту «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».