Пытаньні «паскарэньня тэрмінаў узаемных паставак прадукцыі вайсковага прызначэньня» абмеркавалі 25 верасьня ў Баку старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту (ДВПК) Беларусі Дзьмітры Пантус і дырэктар Фэдэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расеі Дзьмітры Шугаеў, піша «Позірк».
Сустрэча прайшла на палях выставы ADEX-2024, якая праходзіць у сталіцы Азэрбайджану. 5-я Азэрбайджанская міжнародная абаронная выстава праходзіць 24–26 верасьня. На ёй выстаўленыя каля 140 натурных узораў і макетаў узбраеньняў, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, прадукцыі падвойнага прызначэньня.
Арганізатарам аб’яднанага стэнду ДВПК Беларусі выступае прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка». Сумесна зь ім на выставе прадстаўляюць свае распрацоўкі флягманскія прадпрыемствы беларускага вайскова-прамысловага комплексу: «АГАТ — сыстэмы кіраваньня», «КБ Радар», Менскі завод колавых цягачоў, 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод, Аршанскі авіярамонтны завод, «АТА-інжынірынг».
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году вайскова-прамысловы комплекс Беларусі аказвае падтрымку Расеі. За гэта адносна прадпрыемстваў галіны ўвялі міжнародныя санкцыі.
Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі, многія яго прадпрыемствы і асабіста Дзьмітры Пантус знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Канады, Новай Зэляндыі, Японіі, Аўстраліі, Швайцарыі і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея разглядае траты на Беларусь як выдаткі на вайну, — расейскі эканаміст Іназемцаў