Славацкаму прэм’еру, на якога быў замах у траўні, прыслалі кулю ў канвэрце

Славацкі прэм'ер Робэрт Фіца. Фота AP

Кулю выявілі супрацоўнікі аховы, правяраючы пошту.

Раніцай у канцэлярыю ўраду Славаччыны на імя прэм’ер-міністра Робэрта Фіца даставілі канвэрт з куляй.

Як паведаміла славацкае выданьне aktuality.sk, гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў прэсавай службе славацкага ўраду.

Выданьне адзначыла, што пошту на імя прэм’ер-міністра правяраюць супрацоўнікі ўпраўленьня аховы службовых асобаў. Іхную ўвагу прыцягнула вокладка, а ўжо рэнтген-праверка пацьвердзіла, што ў канвэрце знаходзіцца куля.

У рэгіянальнай паліцыі ў Браціславе паведамілі аб пачатку расьсьледаваньня справы.

На прэмʼера Славаччыны напалі 15 траўня ў горадзе Гандлава, дзе праходзіла выязное паседжаньне Кабінэту міністраў. 71-гадовы Юрай Цынтула паклікаў Фіца на вуліцы і стрэліў у яго некалькі разоў. Цынтулу затрымалі на месцы, свой учынак ён патлумачыў нязгодай з палітыкай ураду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼера Славакіі выпісалі зь лякарні, ён працягне лячэньне дома ў Браціславе