Толькі ў адзін дзень, 26 верасьня, у Эканамічным судзе Гомельскай вобласьці прызначаныя тры працэсы паводле пазоваў «Беларуснафты» да замежных прадпрыемстваў. Адказчыкамі пазначаныя фірмы Drillmec SPA, Forum energy technologies (UK) Ltd і Sercel S.A.S, заўважыла выданьне «Флагшток».
Гэта фірмы-вытворцы, удакладніў для выданьня адзін з былых спэцыялістаў прадпрыемства. Прынамсі тэхналёгіі двух вытворцаў з трох выкарыстоўваюцца пры здабычы нафты ў кампаніі. У прыватнасьці, Sersel вырабляе сэйсьмічнае абсталяваньне, Drillmec — сьвідравальныя ўстаноўкі.
Прадмет спрэчкі — «аб невыкананьні або неналежным выкананьні абавязаньняў па дамовах куплі-продажу пастаўкі тавараў»: недапастаўка, несвоечасовая пастаўка, разьлікі за прадукцыю, тавары або паслугі.
Імаверна, гаворка пра тавары ці паслугі, не пастаўленыя заходнімі кампаніямі «Беларуснафце» ў выніку накладаньня санкцыяў на прадпрыемства. У 2021 годзе Эўразьвяз унёс гомельскую кампанію ў санкцыйны сьпіс, што стварыла праблемы, у тым ліку з закупкамі з-за мяжы.
Крыніца «Флагштока», зьвязаная зь дзейнасьцю «Беларуснафты», паведаміла, што суды, відавочна, зьвязаныя з санкцыйнымі абмежаваньнямі. Паводле крыніцы, цяпер на прадпрыемстве закупляюць кітайскія або расейскія аналягі заходняга абсталяваньня.
Паводле інфармацыі «Флагштока», Мазырскі НПЗ сутыкнуўся з падобнымі праблемамі ў сувязі з санкцыямі, накладзенымі на беларускую галіну нафтаперапрацоўкі: многія аплачаныя пастаўкі былі замарожаныя. У адным з выпадкаў на мяжы «завісьлі» запчасткі на некалькі мільёнаў эўра, якія не прапускаюць з прычыны санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліва зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну падчас вайны пастаўлялі праз кампанію Wexler Group. Што вядома пра схему