Камітэт дзяржкантролю Беларусі распачаў праверку ЗАТ «Інтэрнэт-крама Эўраопт», якая дзейнічае «ў сфэры інтэрнэт-гандлю і наданьня паштовых паслуг», гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале ведамства.
Кантралёры, сярод іншага, будуць праводзіць аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасьці кампаніі, ацэняць выкананьне ёй абавязацельстваў перад дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, прааналізуюць інвэстыцыйную дзейнасьць, у тым ліку рэалізацыю праектаў, выкананьне праграмаў і мерапрыемстваў па мадэрнізацыі, а таксама правераць, як «Эўраопт» выконвае патрабаваньні па цэнаўтварэньні і іншыя пытаньні.
Праверку плянуюць правесьці ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, гаворыцца ў паведамленьні.
Выглядае, гаворка ідзе пра інтэрнэт-крамы «Е-доставка», «Емолл», «ЯМИГОМ», а таксама паштовы сэрвіс «Европочта», які, паводле інфармацыі з сайту сэрвісу, з 2012 году дастаўляе пасылкі па Беларусі.
- 23 студзеня 2023 году сілавікі правялі масавы рэйд па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем). У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязьняў. Пасьля рэйду сілавікоў пад адміністрацыйны перасьлед за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» асудзілі сама меней 126 чалавек, прыкладна супраць 30 чалавек завялі крымінальныя справы за падтрымку палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі.