Літоўскія памежнікі на кантрольна-прапускным пункце «Меднікі» затрымалі аўтамабіль Opel Mokka, які ўкраінскія праваахоўнікі ў сакавіку 2022 году абвясьцілі ў вышук як скрадзены. Пазадарожнікам кіраваў грамадзянін Беларусі, паведамляе літоўская мытня.
Увечары 23 верасьня літоўскія памежнікі спраўдзілі дакумэнты ў аўтамабіля Opel Mokka і ягонага кіроўцы, які выяжджаў зь Літвы ў Беларусь, у пункце пропуску «Меднікі». Аўтамабілем 2022 году выпуску з польскімі нумарамі кіраваў 42-гадовы грамадзянін Беларусі.
Падчас праверкі памежнікі выявілі, што аўтамабіль абвясьцілі ў вышук як скрадзены больш за 2 гады таму ўкраінскія праваахоўнікі — яшчэ ў сакавіку 2022 году, на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Кіроўца растлумачыў, што літаральна 13 верасьня ён атрымаў права кіраваньня пазадарожнікам Opel Mokka тэрмінам на адзін год ад 36-гадовага грамадзяніна Румыніі, які, паводле натарыяльна заверанай даверанасьці, значыцца ўладальнікам аўтамабіля. Беларус сьцьвярджаў, што ня ведаў пра тое, што машына ў вышуку.
Па факце набыцьця або збыту маёмасьці, здабытай злачынным шляхам, пачалі дасудовае расьсьледаваньне. Кіроўцу-беларуса дапыталі ў якасьці сьведкі і адпусьцілі.
Аўтамабіль Opel Mokka часова захоўваецца на Віленскім памежным участку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 30% вайскоўцаў зарабляюць крадзяжом». Расейскае войска і марадэрства- Зь першых дзён вайны ў гарадах Беларусі пачалі заўважаць цывільныя аўтамабілі са знакам «V», найбольш на Гомельшчыне, пры гэтым на машынах практычна заўсёды адсутнічалі дзяржаўныя нумары. Паралельна з гэтым маніторынгавая група праекту «Беларускі Гаюн» пачала атрымліваць усё больш паведамленьняў ад жыхароў Украіны з просьбай знайсьці іхныя аўтамабілі, якія скралі расейскія салдаты-марадэры з часова акупаваных тэрыторый. На некаторых фота аўтамабіляў, зробленых у Беларусі, украінцы апазнавалі свае скрадзеныя машыны.
- Таксама з сакавіка-красавіка 2022 году ў сацсетках зьявіліся ролікі нападаў расейскіх салдат на прадуктовыя крамы ва Ўкраіне і фатаздымкі расейскіх салдат-марадэраў, якія цягнулі бытавую тэхніку з украінскіх дамоў. Шырока разышлося відэа, дзе расейскія вайскоўцы адпраўляюць пасылкі з тэхнікай і рэчамі праз мазырскае аддзяленьне кур’ерскай службы ў Рубцоўск, Маскву, Чыту, Омск, Новасібірск, Бірабіджан.