Па словах Джо Байдэна, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін не дасягнуў сваіх мэтаў — падпарадкаваць сабе Ўкраіну і аслабіць NATO. На думку прэзыдэнта ЗША, цяпер ня час адмаўляцца ад падтрымкі Ўкраіны, наадварот — неабходна быць адзінымі ў гэтай падтрымцы.
«Нельга стамляцца, глядзець убок, трэба падтрымліваць Украіну, пакуль у ёй ня будзе ўсталяваны справядлівы і трывалы мір», — сказаў Байдэн.
Таксама ў сваёй прамове Байдэн закрануў сытуацыю на Блізкім Усходзе, адзначыўшы, што адзіны шлях да завяршэньня вайны ў сэктары Газа і канфлікту на ізраільска-лібанскай мяжы — мірныя перамовы. У той жа час ён асудзіў групоўкі ХАМАС і «Хэзбала» (прызнаныя тэрарыстычнымі ў ЗША і шэрагу іншых краін), якія ваююць з Ізраілем, зноў заклікаў неадкладна вызваліць захопленых у Ізраілі закладнікаў і асудзіў Іран за распальваньне канфліктаў у рэгіёне.
Важнае месца ў выступе Байдэна заняў таксама аповед пра дасягненьні ягонай адміністрацыі ў сфэры барацьбы са зьменамі клімату, а таксама пра яе дапамогу бедным і менш разьвітым краінам.
Гэта апошні выступ Байдэна ў ААН на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Ён не балятуецца на другі тэрмін. У прамове Байдэн закрануў сваё рашэньне выйсьці з прэзыдэнцкай гонкі, зьвярнуўшыся да лідэраў іншых краін з заклікам не трымацца за крэслы:
«Ёсьць нешта больш важнае, чым вашыя пасады. Гэта вашыя народы», — сказаў Байдэн.
Раней на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі выступіў прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва. Ён заявіў, што ягоная краіна сумесна з Кітаем распрацавала мірную ініцыятыву, закліканую спыніць вайну ва Ўкраіне. Раней гэтую ініцыятыву ўжо скрытыкавалі ў Кіеве, бо яна, па сутнасьці, утрымлівае прапанову пачаць перамовы без папярэдніх умоваў, у той час як Украіна настойвае на вывадзе расейскіх войскаў зь яе тэрыторыі.
25 верасьня на сэсіі Генэральнай Асамблеі чакаецца таксама выступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times: ключавы пункт «пляну перамогі» Зяленскага — гарантыі бясьпекі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры ЗША, Індыі, Аўстраліі і Японіі: «Выкарыстаньне і пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі недапушчальныя»