У цэнтры польскага гораду Познань, на плошчы Адама Міцкевіча, 24 верасьня адкрылася арт-інсталяцыя «Нязломныя», прысьвечаная зьняволеным беларускім праваабаронцам. Яе можна будзе пабачыць да 7 кастрычніка, паведамляе «Вясна».
Героямі арт-інсталяцыі сталі пяцёра праваабаронцаў «Вясны», якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі выключна за сваю мірную прафэсійную дзейнасьць:
- Заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня ў Беларусі. У 2022 годзе, ужо за кратамі, ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
- Каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня.
- Юрыст і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзь Лабковіч, асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня.
- Сябра Рады «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, асуджаны на 9 гадоў зьняволеньня.
- Валянтэр Андрэй Чапюк, асуджаны на 5 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня.
Арт-інсталяцыя «Нязломныя» была створаная ў межах кампаніі салідарнасьці з палітзьняволенымі праваабаронцамі «Вясны» #FreeViasna. Раней праект ужо паказалі ў цэнтры Вільні (Літва).
«Арт-інсталяцыя „Нязломныя“ нагадвае пра драматычную рэальнасьць, у якой апынулася Беларусь: сярод амаль 1400 зьняволеных, што знаходзяцца ў беларускіх турмах паводле палітычных прычынаў, пазбаўленыя волі і тыя, хто заўжды імкнуўся дапамагаць беларусам абараняць свае законныя правы і свабоды», — адзначаюць у праваабарончым цэнтры «Вясна».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.