Гісторыю уцёкаў дэпутата апісала румынская служба Радыё Свабода.
«Паводле інфармацыі, атрыманай органамі папярэдняга расьсьледаваньня, Адарчанка перайшоў дзяржаўную мяжу па-за пунктам кантролю з Румыніяй, а потым зьвярнуўся да ўладаў Румыніі з просьбай аб прытулку ў гэтай краіне», — заявіў украінскі антыкарупцыйны пракурор, якога цытуе «Українська правда».
Паводле папярэдніх зьвестак Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны (НАБУ), Андрэй Адарчанка незаконна перайшоў мяжу з Румыніяй 17 верасьня каля населенага пункту Красна (Краснаільск) у Чарнавіцкай вобласьці Ўкраіны, на мяжы зь вёскай Вікову-дэ-Сус у Сучаўскім павеце (Румынія).
Кіроўца Адарчанкі на допыце 19 верасьня паведаміў, што два дні раней дэпутат папрасіў высадзіць яго ў цэнтры населенага пункту на мяжы з Румыніяй, перадаў мабільныя тэлефоны і папрасіў паставіць іх на зарадку, вынікае са зьвестак Антыкарупцыйнага суду Ўкраіны.
Адарчанка таксама сказаў кіроўцу, што вернецца ў Кіеў сам. З таго часу кіроўца ня бачыў дэпутата і ня ведае, як зь ім зьвязацца.
Абвінавачаньні ў карупцыі
21 лістапада 2023 году Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны абвясьціла пра падазрэньні сьледчых адносна Андрэя Адарчанкі, які з 2019 году зьяўляецца дэпутатам фракцыі «Слуга народу».
Паводле сьледзтва, дэпутат спрабаваў падкупіць кіраўніка ўкраінскага Дзяржаўнага агенцтва па аднаўленьні і разьвіцьці інфраструктуры Мустафу Найема, прапанаваўшы яму хабар у біткойнах.
Дэпутат плянаваў атрымаць грошы з фонду для ліквідацыі наступстваў збройнай агрэсіі для рамонту будынкаў Харкаўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчовых тэхналёгіяў і гандлю, дзе Адарчанка быў дэканам.
Памер хабару склаў каля 8% ад кантракту, згодна з абвінаваўчым актам, накіраваным у суд. Пазьней дэпутат прапанаваў Найему частку незаконнага даходу ў памеры 0,39 біткойна, што эквівалентна 10 тысячам даляраў.
Падчас аднаго з судовых паседжаньняў Адарчанка адмаўляў, што спрабаваў падкупіць украінскага чыноўніка. Ён прызнаў, што меў кантакты з Найемам, але сьцьвярджаў, што той папрасіў навучыць яго карыстацца крыптавалютамі. Акрамя таго, дэпутат заявіў, што расьсьледаваньне супраць яго можа быць праявай «палітычнага перасьледу».
Таксама суд усталяваў для Адарчанкі заклад у памеры 15 мільёнаў грыўняў (325 тысяч эўра), які дэпутат унёс.
Меры пасьля ўцёкаў у Румынію
Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны ня выдаў Адарчанку дазволу на дзелавую паездку, заявіў пракурор на слуханьні 19 верасьня.
З гэтай прычыны Вышэйшы антыкарупцыйны суд прыняў рашэньне арыштаваць Андрэя Адарчанку завочна. Пракуроры таксама папрасілі ўключыць дэпутата ў сьпіс асобаў, якіх шукаюць на міжнародным узроўні.
Антыкарупцыйная пракуратура Ўкраіны ініцыявала працэс спагнаньня 15 мільёнаў грыўняў (каля 325 тысяч эўра), раней выплачаных дэпутатам у якасьці закладу.
Прыбыўшы ў Румынію, Адарчанка запытаў ва ўладаў краіны прытулку, паведаміў пракурор падчас слуханьняў, паводле зьвестак украінскай службы Радыё Свабода.
Паводле выданьня Libertatea, Андрэй Адарчанка папрасіў у румынскіх уладаў часовай абароны, якою з пачатку вайны скарысталіся каля 180 тысяч грамадзян Украіны.
Прадстаўнікі Памежнай паліцыі і Генэральнай інспэкцыі ў пытаньнях міграцыі Румыніі, зь якімі зьвязалася Эўрапейскае радыёвяшчаньне, заявілі, што ня могуць камэнтаваць канкрэтныя выпадкі.
З 1 па 23 верасьня ў Генэральную інспэкцыю ў пытаньнях міграцыі падалі шэсьць заяваў на атрыманьне прытулку ад грамадзян Украіны, паведамілі прадстаўнікі ўстановы румынскай службе Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: тысячы ўкраінцаў выехалі за мяжу, даўшы хабар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Transparency International: уварваньне ва Ўкраіну стала вынікам нястрыманай карупцыі ў Расеі