«Паветраная цэль (ня хуткасная) на мяжы Кіеўскай і Жытомірскай вобласьці перасекла дзяржаўную мяжу з тэрыторыі Беларусі. Курс паўднёвы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Парушэньне мяжы адбылося з боку Гомельскай вобласьці, адзначаецца ў паведамленьні.
Праз 15 хвілін у Паветраных сілах Украіны паведамілі, што ва ўсходняй частцы Кіеўскай вобласьці зафіксавалі ўдарны бесьпілётнік, які трымаў паўднёва-заходні курс. І яшчэ празь некалькі хвілін паведамілі пра адбой пагрозы.
«Факт парушэньня паветранай прасторы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі не ўстаноўлены. Верагодна, была ўжытая радыёлякацыйная перашкода», — гаворыцца ў пазьнейшым паведамленьні Паветраных сіл Украіны.
Некаторыя ўкраінскія Telegram-каналы пішуць, што ў паветраную прастору Ўкраіны зь Беларусі нібыта заляцеў самалёт Як-130.
10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. Ён тады заявіў, што гэта былі ўкраінскія бесьпілётнікі.
Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
З жніўня расейскія бесьпілётнікі ўсё часьцей перамяшчаюцца з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь.
5 верасьня Мінабароны Беларусі заявіла пра зьбіцьцё дронаў, у Гомлі прагучалі выбухі.