МУС выпусьціў відэа пра напад з нажом у Магілёве. Сілавікі заявілі, што знайшлі патроны і «экстрэмісцкую» літаратуру

На месцы здарэньня ў Магілёве, скрыншот зь міліцэйскага відэа

Напад адбыўся 23 верасьня.

Міністэрства ўнутраных спраў паказала сваю вэрсію падзей у Магілёве, дзе мужчына нібыта стварыў небясьпеку для грамадзян і параніў двух міліцыянтаў проста на вуліцы. Абодва — прадстаўнікі 11-га упраўленьня ГУБАЗіК па Магілёве.

У афіцыйнай вэрсіі гаворыцца, што прымяніць табэльную зброю сярод натоўпу не было ніякай магчымасьці і таму міліцыянты «загарадзілі сабой грамадзян». Абодва апынуліся ў лякарні, аднаго зь іх перавялі ў рэанімацыю.

На відэа, запісаным сілавікамі, мужчына не прызнаў, што яму прад’явілі пасьведчаньне, успомніў толькі «нейкую картку». Ці было гэта пасьведчаньнем супрацоўніка, з паказаньняў мужчыны невядома. Далей у сваім відэа МУС паказала, што па месцы жыхарства мужчыны выявілі патроны, «экстрэмісцкую» літаратуру і «кнігі па псыхалёгіі». Тлумачэньняў, што падазронага ў кнігах па псыхалёгіі, міліцыянты не далі.

У выніку здарэньня супраць мужчыны завялі крымінальную справу.

Напярэдадні ў міліцыі заявілі, што да мужчыны падышлі два супрацоўнікі ГУБАЗіК. На відэа відаць, што адзін з параненых дакладна быў у цывільным адзеньні. Нагодай для пытаньняў мужчыну перад нападам стала тое, што ім нібыта апазналі «асобу, датычную да экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве мужчына параніў нажом дваіх чалавек. МУС сьцьвярджае, што гэта супрацоўнікі ГУБАЗіК