Віктар Жаркевіч, піша «Наша ніва», быў вакалістам Hate to state, адной зь першых палітычных панк-бандаў Беларусі. Віктару быў 51 год.
У верасьні 2022 году Жаркевіча затрымліваў ГУБАЗіК. Падчас затрыманьня, піша выданьне, Віктара моцна білі. Аб яго галаву зламалі патэльню і прымусілі цягнуць на сабе ў аддзяленьне дзьверы ад лядоўні, на якія былі налепленыя панк-рокерскія і анархісцкія налепкі і магніты за розныя гады.
Сябры музыкі кажуць, што яго здароўе і маральны стан моцна падарвалі 30 дзён на Акрэсьціна. Пасьля выхаду з-за кратаў ён скардзіўся на болі.
Жаркевіча пасьля арышту звольнілі з працы на будоўлі і, прынамсі першы час, ня бралі на новую праз палітычныя абвінавачаньні. Віктар перабіваўся выпадковымі заробкамі і часта скардзіўся сябрам на праблемы са здароўем.
Віктар «Мао» Жаркевіч памёр 22 верасьня 2024 году ў сваёй кватэры ў Менску. Па зьвестках знаёмых, ня вытрымала сэрца.