Падчас дэбатаў аб палітвязьнях на палях Генэральнай Асамблеі ААН Ландсбергіс падкрэсьліў, што пакуль сытуацыя з правамі чалавека ў краіне ня зьменіцца, паслабленьне санкцыяў ня можа быць разгледжана.
«Беларусь усё больш робіцца падобнай на турму, і пакуль там не пачнуцца рэальныя зьмены, аб зьмякчэньні санкцыяў гаворкі быць не можа», — прыводзіць словы міністра партал Delfi.
Паводле яго слоў, некалькі вызваленых Лукашэнкам палітвязьняў толькі ствараюць ілюзію супрацоўніцтва з Захадам, якая не адлюстроўвае рэальнай сытуацыі ў краіне.
«Кожны раз, калі ў Беларусі набліжаюцца выбары, рэжым Лукашэнкі робіць фіктыўныя крокі і кожны раз вызваляе некалькі палітвязьняў, каб стварыць ілюзію супрацоўніцтва з Захадам. Спадзяюся, што гэтым разам мы не памылімся і не паддадзімся ілюзіям, бо ў беларускіх турмах сядзяць сотні палітвязьняў, якія сталі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, якіх дыктатар зноў будзе імкнуцца абмяняць на вызваленьне ад санкцыяў і адмену ізаляцыі», — сказаў Ландсбергіс.
Як паведамляе МЗС Літвы, падчас сэсіі Генасамблеі ААН лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб пагаршэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і заклікала прадстаўнікоў краін, якія сабраліся, працягваць палітыку непрызнаньня Лукашэнкі і яго рэжыму і браць прыклад з Літвы — «чэмпіёна дэмакратыі, які абараняе дэмакратычныя сілы Беларусі ад рэпрэсіяў і ўмацоўвае нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская ў ААН заклікала разгледзець дыпляматычныя каналы для абмену вязьнямі