Пра гэта ў панядзелак напісаў заснавальнік Telegram Павел Дураў, які знаходзіцца ў Францыі пад сьледзтвам у сувязі з абвінавачаньнямі, зьвязанымі зь дзейнасьцю Telegram, у тым ліку, як сьцьвярджаюць францускія ўлады, з адмовай ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі пры расьсьледаваньні злачынстваў.
Як напісаў Дураў, Telegram абнавіў свае правілы карыстаньня. Акрамя таго, паводле яго слоў, у апошнія тыдні мадэратары, выкарыстоўваючы ў тым ліку штучны інтэлект, выдалілі з пошукавай сыстэмы Telegram увесь патэнцыйна шкоднасны кантэнт.
Калі раней у правілах карыстаньня Telegram было пазначана, што IP-адрасы і тэлефоны карыстальнікаў могуць быць раскрытыя толькі калі праваахоўныя органы падазраюць іх у тэрарызьме, то цяпер фармулёўка зьмянілася:
«Калі Telegram атрымае сапраўдны ордэр ад адпаведных судовых органаў, які пацьвярджае, што вы зьяўляецеся падазраваным па справе аб злачыннай дзейнасьці, якая парушае Ўмовы прадстаўленьня паслуг Telegram, мы правядзем юрыдычны аналіз запыту і можам раскрыць ваш IP-адрас і нумар тэлефона адпаведным органам», — напісана ў новай рэдакцыі правіл.
Акрамя таго, справаздачу аб празрыстасьці Telegram будзе выпускаць ня два, а чатыры разы на год.
- Француская пракуратура, як і шэраг крытыкаў Telegram, сьцьвярджаюць, што мэсэнджар выкарыстоўваўся ў тым ліку ў мэтах наркагандлю або абмену дзіцячай парнаграфіяй. Дураў, калі яго адпусьцілі пасьля некалькіх дзён затрыманьня пад заклад і судовы нагляд, неўзабаве паабяцаў, што мэсэнджар будзе супрацоўнічаць з уладамі, а асобы, якія выкарыстоўваюць Telegram у злачынных мэтах, не павінны мець магчымасьці паставіць пад пагрозу бясьпеку добрасумленных карыстальнікаў, колькасьць якіх Дураў ацаніў у мільярд чалавек.