Рэпрэсіі ўзмацніліся, адзначае кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.
З пачатку верасьня ўсе службы фонду BySol адзначаюць прыкметнае ўзмацненьне рэпрэсій, гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу STRYZHAK.
У прыватнасьці:
- берасьцейскія і горадзенскія супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пашырылі практыку гвалту пры затрыманьнях;
- асаблівую цікаўнасьць у сілавікоў выклікаюць людзі, якія давалі камэнтары ці інтэрвію незалежным мэдыя ў 2020–2023 гадох;
- за апошнія тыдні ўзмацніліся рэйды па прафэсійных групах — пад ударам настаўнікі і асьветнікі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, а таксама грамадзкія актывісты;
- значна паболела заявак на эвакуацыю і кансультацыяў наконт таго, што рабіць у выпадку перасьледу. Па розных кірунках дапамогі Фонду колькасьць заявак вырасла ад 50% да 80%.
«Зьвязваем такую актыўнасьць са сканчэньнем адпачынкаў у сілавікоў, напрацоўкай вялікай базы па крымінальных справах, а таксама з гібрыдным новым падыходам.
Новы падыход у тым, каб адной рукой вызваляць нейкую колькасьць палітвязьняў, а другой яшчэ больш закручваць гайкі і саджаць усё новых людзей. Паралельна дзяржаўная прапаганда актыўна эксплюатуе вобраз „гуманітарнасьці“ дзеяньняў лукашыстаў праз паказальныя выпадкі (Пратасевіч) і непублічнае ўзьдзеяньне — у першую чаргу на спартоўцаў і дзеячоў культуры», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародны фонд дапамогі беларускім палітвязьням сабралі 1,4 мільёна эўра