Лідэры ЗША, Індыі, Аўстраліі і Японіі: «Выкарыстаньне і пагрозы выкарыстаньня ядзернай зброі недапушчальныя»

Прэм’єр-міністар Індыі Нарэндра Модзі і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Архіўнае фота

Лідэры саміту Quad-2024 (чатырохбаковы дыялёг у пытаньнях бясьпекі ўключае Аўстралію, Індыю, Японію і ЗША) выказалі глыбокую занепакоенасьць вайной ва Ўкраіне і заклікалі да дасягненьня справядлівага міру.

Як паведаміла выданьне «Голас Амэрыкі», у супольнай заяве лідэры краін асудзілі пагрозы Расеі выкарыстаць ядзерную зброю.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыняў лідэраў Аўстраліі, Індыі і Японіі ў сваім прыватным доме ў штаце Дэлавэр.

Лідэры краін аб’яднаньня Quad падкрэсьлілі, што «выкарыстаньне, пагроза выкарыстаньня ядзернай зброі зьяўляюцца недапушчальнымі ў кантэксьце вайны» Расеі супраць Украіны.

Апроч таго, у заяве выказалі «вялікую занепакоенасьць» расейскай агрэсіяй, уключаючы «жахлівыя і трагічныя гуманітарныя наступствы» і ўплыў на харчовую і энэргетычную бясьпеку краін, якія разьвіваюцца.

«Кожны з нас быў ва Ўкраіне пасьля пачатку вайны і на ўласныя вочы гэта бачыў», — адзначылі ў супольнай заяве прэм’ер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ, прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Японіі Фуміё Кусіда.

Лідэры Quad заявілі аб неабходнасьці дасягненьня справядлівага і ўстойлівага міру, які базуецца на міжнародным праве, а таксама на неабходнасьці выкананьня міжнароднага права і прынцыпаў статуту ААН, у тым ліку павагі да тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту ўсіх дзяржаў.

Прэм'ер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ, фота AP

Кітай і Інда-Ціхаакіянскі рэгіён

На саміце Quad абвясьцілі захады, якія павінны садзейнічаць «супрацы паміж чатырма дэмакратыямі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, дзе пражывае больш за палову насельніцтва сьвету». На рэгіён таксама прыпадае дзьве траціны ўсясьветнай эканомікі.

Хоць у заяве згадваюць Кітай толькі тры разы ў кантэксьце Паўднёва-Кітайскага мора, лідэры Аўстраліі, Індыі, Японіі і ЗША дакладна далі зразумець, што іхная пазыцыя адрозьніваецца ад пазыцыі Пэкіну.

«Як чатыры вядучыя дэмакратыі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне мы адназначна выступаем за падтрымку міру і стабільнасьці ў гэтым дынамічным рэгіёне як неад’емнага складніка глябальнай бясьпекі і разьвіцьця», — адзначаецца ў заяве Quad.

Прэзыдэнт ЗША каротка пералічыў асноўныя дамоўленасьці групы, у прыватнасьці тыя, што накіраваныя на ўзмацненьне бясьпекі на моры.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, 22 верасьня 2024. Фота AP

«Мы абвяшчаем шэраг ініцыятыў для забесьпячэньня рэальнага станоўчага ўплыву на Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, якія ўключаюць перадачу новых марскіх тэхналёгій нашым рэгіянальным партнэрам, каб яны ведалі, што адбываецца ў іхных водах, і ўпершыню пачынаем супрацу паміж берагавой аховай і пашырэньне праграмы стыпэндый Quad для студэнтаў з Паўднёва-Ўсходняй Азіі», — сказаў Байдэн.

У заяве лідэраў гаворыцца, што супольная місія берагавой аховы чатырох краін пачне працаваць у 2025 годзе. Японскія чыноўнікі назвалі гэта значным вынікам.

Раней на гэтым тыдні, калі высокапастаўлены чыноўнік ЗША анансаваў саміт, ён сказаў, што мэтай зьяўляецца барацьба зь незаконным рыбалоўствам, і дадаў, што гэта паказальна, што пераважная большасьць незаконных рыбалоўных суднаў былі кітайскія.

Прэм'ер-міністар Японіі Фуміё Кусіда, 11 ліпеня 2024. Фота REUTERS

Quad як частка інда-ціхаакіянскай стратэгіі

Аналітыкі прагназавалі, што на сустрэчы за кулісамі ў асноўным будуць гаварыць пра Кітай, але лідэры ўстрымаюцца ад публічнай крытыкі Пэкіну.

«Гэта ня будзе запісана ў пратаколе», — сказаў «Голасу Амерыкі» дасьледчык Азіі Рафік Дасані напярэдадні саміту.

Раней Кітай крытыкаваў Quad за заўвагі ў свой адрас, а ў ліпені прадстаўнік МЗС Кітаю параўнаў групу з «эксклюзіўнымі клюбамі, якія падрываюць давер і супрацоўніцтва паміж краінамі ў рэгіёне».

Лідэры чатырох краін Quad штогод праводзяць асабістыя сустрэчы з пачатку прэзыдэнцтва Байдэна. Па словах аналітыка Кэтрын Пайк з Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў ЗША, большасьць іх намаганьняў сканцэнтравана на такіх важных пытаньнях, як ахова здароўя, інфраструктура, марская бясьпека і рэсурсы, а таксама сувязі паміж людзьмі.

«Гэта дакладна ня клюб стрымліваньня Кітаю», — сказала Кэтрын Пайк «Голасу Амэрыкі».

Аднак Quad можа зьмяніцца, мяркуе Рафік Дасані, старшы эканаміст дасьледніцкай карпарацыі Rand і прафэсар аналізу палітыкі.

«Пытаньне ў тым, як будзе разьвівацца канкурэнцыя або суперніцтва паміж Кітаем і ЗША. Калі кітайская эканоміка адновіцца і яны стануць больш рашучымі, зьявіцца іншы кантэкст для дыялёгу», — сказаў Рафік Дасані.

Пакуль відавочна, што гэты дыялёг чатырох лідэраў вельмі важны.

«Гэта было цэнтральнай часткай інда-ціхаакіянскай стратэгіі, і павышэнне сустрэч Quad да ўзроўню лідэрства было важнай часткай гэтай стратэгіі. Той факт, што „чацьвёрка“ зьбіраецца штогод на ўзроўні кіраўніцтва кожны год прэзыдэнцтва Байдэна, вельмі важны», — мяркуе Кэтрын Пайк.

  • Чатырохбаковы дыялёг аб бясьпецы Quad group of nations (Quad) узьнік у 2004 годзе для пераадоленьня наступстваў стыхійных бедзтваў у Індыйскім акіяне, а арганізацыйна быў аформлены ў 2007 годзе.
  • Афіцыйная мэта арганізацыі — разьвіцьцё партнэрства ў сфэры бясьпекі на аснове агульных каштоўнасьцяў і інтарэсаў: вяршэнства права, свабода навігацыі, павага да тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту, мірнае ўрэгуляваньне тэрытарыяльных спрэчак, свабода гандлю.
  • Quad group of nations сканцэнтравана на намаганьнях у разьвіцьці «свабоднага, адкрытага і інклюзіўнага» Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну (ITP).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў, у якіх умовах ён з Пуціным будзе гатовы ўжыць ядзерную зброю

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пагроз Расеі ў NATO пачалі кансультацыі аб прывядзеньня ядзернай зброі ў стан баявой гатоўнасьці