GPS паказвала месца знаходжаньня з памылкай у 80 кілямэтраў і фіксавала на тэрыторыі Расеі прыладу, якая знаходзілася ў Беларусі.
Выданьне «Флагшток» знайшло ў Гомлі іншых людзей, якія зафіксавалі такія ж паводзіны сваёй мабільнай навігацыі.
Такія памылкі GPS могуць сьведчыць аб рабоце прылад радыёэлектроннай барацьбы, накіраванай на падмену геаграфічных каардынат ці GPS-спуфінгу. Гэтыя назіраньні не дазваляюць вызначыць уладальніка сыстэмы РЭБ. Такія прылады працуюць на дзясяткі кілямэтраў, іх могуць выкарыстоўваць Узброеныя сілы Беларусі, Расеі ці Ўкраіны.
GPS-спуфінг (падмена GPS) — гэта спосаб маніпуляваньня сыгналамі GPS, каб падмануць прыладу і выдаць ілжывую інфармацыю. У выніку падмены сыгналу ад спадарожніка фальшывым (больш магутным) усе найбліжэйшыя GPS-прымачы будуць лічыць, што падроблены сыгнал зьяўляецца сапраўдным. З дапамогай спуфінгу можна зьбіць з маршруту, завесьці ў патрэбны пункт і нават скрасьці лятальныя апараты.
- У Беларусі ў траўні 2024 году «Белаэранавігацыя» апублікавала паведамленьне, якое афіцыйна пацьвярджае інтэрфэрэнцыю сыгналаў GPS па ўсёй паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі. Пасьля папярэджаньне было працягнутае да лістапада 2024 году.
- «Беларускі Гаюн» яшчэ ў 2022 годзе расказваў, як GPS-перашкоды ў Беларусі зьявіліся незадоўга да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.