Reuters: Іран паставіў Расеі балістычныя ракеты без мабільных пускавых установак

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Ракетную сыстэму Fath-360 дэманструюць у Тэгеране, верасень 2022 году

Іран ня стаў перадаваць Расеі мабільныя пусковыя ўстаноўкі для пастаўленых балістычных ракет малой далёкасьці Fath-360, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскай і эўрапейскай выведках і эўрапейскага дыплямата.

Крыніцы Reuters мяркуюць, што адмова паставіць пускавыя ўстаноўкі ставіць пытаньне аб магчымасьці рэальнага баявога прымяненьня такіх ракет Расеяй.

Два экспэрты паведамілі Reuters, што можа быць некалькі прычын, па якіх пускавыя ўстаноўкі не паставілі Расеі. Адна зь іх палягае ў тым, што Расея можа плянаваць мадыфікаваць грузавікі для перавозкі ракет. Другая вэрсія заключаецца ў тым, што, утрымліваючы пускавыя ўстаноўкі, Іран пакідае прастору для новых перамоваў з заходнімі дзяржавамі аб «зьмякчэньні напружанасьці». На наступным тыдні ў Нью-Ёрку на палях Генасамблеі ААН плянуюцца сустрэчы іранскіх афіцыйных асобаў з эўрапейскімі калегамі.

Fath-360 — ракеты блізкага радыюсу дзеяньня, аналягічныя па функцыянале амэрыканскім HIMARS. Кожная ракета даўжынёй 5,2 мэтра можа несьці баявую частку масай 150 кіляграмаў.

  • 7 верасьня адразу некалькі заходніх СМІ са спасылкай на крыніцы паведамілі, што Іран перадаў Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці. Паводле інфармацыі СМІ, 4 верасьня грузавое судна даставіла па Касьпійскім моры 200 іранскіх ракет Fath-360 з далёкасьцю 120 кілямэтраў. 9 верасьня афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу Пэтэр Стана назваў гэтую інфармацыю дакладнай. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен таксама пацьвердзіў перадачу іранскіх ракет Расеі. У сувязі з пастаўкамі супраць Расеі і Ірану ўзмацнілі заходнія санкцыі.
  • У Іране па-ранейшаму адмаўляюць пастаўкі ракет Расеі.
  • Як мяркуецца, расейскія вайскоўцы ўжо навучаюцца ўжываньню новай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя, што Іран перадаў Расеі ракеты Fath-360. Як яны выглядаюць і што пра іх вядома