Перакладчык кнігі пакуль пажадаў застацца ананімным, але падзяліўся ўражаньнямі пра сваю працу над кнігай:
«Хтосьці скажа, што „Марсіянін“ — ня самая неабходная сёньня кніга па-беларуску і ёсьць процьма іншых праграмных і больш сур’ёзных твораў, якія сьпярша хацелася б мець у перакладзе, але, на маю думку, якраз такой літаратуры — сучаснай, прыгодніцкай, папулярнай, даступнай і цікавай шырокаму колу чытачоў — нам і бракуе.
Ня буду хаваць, як перакладчык я атрымаў сапраўднае задавальненьне, працуючы над гэтым тэкстам, і, нягледзячы на пэўныя цяжкасьці, мне самому да апошняй старонкі было цікава. Таму спадзяюся, што і чытачы атрымаюць ня меншае задавальненьне ад гэтай неймавернай і кранальнай гісторыі, якая дае нам надзею і прыклад веры ў чалавека і чалавецтва».
Прадусар праекту, кіраўнік аўдыявыдавецтва Audiobooks.by Мікіта Белаглазаў паведаміў, што выданьнем гэтай кнігі Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы плянуе пачаць сэрыю перакладаў розных амэрыканскіх бэстсэлераў на беларускую мову — «па кнізе на год-два», і выказаў спадзяваньне, што сваім прыкладам Асацыяцыя натхніць і іншыя дыяспары беларусаў у розных краінах сьвету.
Пераклад і выданьне кнігі сталі магчымыя дзякуючы супрацы Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы, выдавецтва «Gutenberg Publisher» і аўдыявыдавецтва Audiobooks.by, а таксама дзякуючы фінансавай падтрымцы беларусаў і беларусак ЗША.
Усе фарматы кнігі ўжо даступныя ў платным доступе (па спасылках): папяровая вэрсія,электронная вэрсія, аўдыёвэрсія, для жыхароў ЗША.
Раман амэрыканскага пісьменьніка Эндзі Ўіра «Марсіянін» у жанры навуковай фантастыкі трапіў у сьпіс бэстсэлераў у ЗША у 2015 годзе і быў перакладзены больш чым на 45 моваў сьвету. Аднайменны фільм паводле кнігі з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі таксама меў вялікі посьпех: ён заваяваў прэміі «Залаты глёбус» і «Х’юга» і быў намінаваны на сем «Оскараў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы стварылі пэтыцыю да праваўладальнікаў «Гары Потэра» за працяг выданьня кніг сэрыі па-беларуску