У Віцебску за «садзейнічаньне экстрэмізму» будуць судзіць жанчыну з інваліднасьцю
9 кастрычніка Віцебскі абласны суд пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Валянціны Крыштопенка. Жанчыне інкрымінуюць ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паведамляе «Вясна».
Справу прызначылі разглядаць судзьдзю Галіну Бондал.
Валянціна Крыштопенка мае інваліднасьць І групы, жыве з пэнсіі. Пасьля выбараў яе неаднаразова штрафавалі паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Так, у 2021 годзе жанчыну аштрафавалі на 1160 рублёў за фатаздымак з цытатай з Бібліі «Калі ўладарыць бязбожнік — народ стогне». Гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваньнем».
Падчас мірных шэсьцяў у Віцебску Валянціна Крыштопенка перамяшчалася на інвалідным вазку, бо ёй цяжка хадзіць.
За ўдзел у мітынгу ў 2020-ым сілавікі затрымалі фатографа
Сілавікі затрымалі фатографа, які 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгу. Відэа зь ім апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкі да сілавікоў.
На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ў 2020 годзе яго сфатаграфавалі на адным з маршаў на праезнай частцы праспэкту Незалежнасці. Таксама яго прымусілі сказаць на камэру, ён быў падпісаны на тэлеграм-каналы, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» — на відэа сілавікоў пры гэтым паказваюць тэлеграм-каналы «Радыё Свабода» і «Белсат».
Дзе цяпер затрыманы і ў якім ён працэсуальным статусе, невядома.
Новы суд за салідарнасьць з палітвязьнямі
На 30 верасьня ў Менскім абласным судзе прызначылі суд над 52-гадовай палітзьняволенай Натальляй Гаўрон. Яе будуць судзіць за салідарнасьць з палітвязьнямі, паведамляе «Вясна».
Справу будзе разглядаць судзьдзя Ўладзімер Арэшка.
Натальлю Гаўрон затрымалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязьням. Жанчыне прад'явілі абвінавачваньне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 верасьня: масавыя затрыманьні ў Глыбокім