У Эўразьвязе цяпер працуе каля 10 тысяч кампаній, акцыянэрамі якіх зьяўляюцца беларускія бізнэсоўцы, заявіў віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) Серж Наўродскі на VII Беларускім бізнэс-форуме ў Эўропе, які прайшоў 20 верасьня ў Варшаве, паведамляе «Позірк».
Паводле Сержа Наўродскага, у гэтых кампаніях агулам працаўладкаваныя каля 40 тысяч чалавек, што можна супаставіць з насельніцтвам невялікага эўрапейскага горада.
Кіраўнік АВВА Яўген Буры ў вітальным слове на VII Беларускім бізнэс-форуме ў Эўропе адзначыў, што «тры гады таму ідэя стварыць асацыяцыю для падтрымкі і абароны беларускага бізнэсу за мяжой здавалася занадта амбіцыйнай».
«А зараз мы бачым, які шлях мы прайшлі, колькі новых праектаў распрацоўвае АВВА, каб быць яшчэ больш блізкай і карыснай менавіта для вас, — зьвярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму. — Менавіта цяжкасьці дапамаглі трансфармаваць ідэю і стварыць асацыяцыю, якая цяпер аб’ядноўвае беларусаў з 13 краінаў сьвету».
У VII Беларускім бізнэс-форуме ў Эўропе прынялі ўдзел каля 150 прадстаўнікоў беларускага бізнэсу з розных краін сьвету. Як распавёў Яўген Буры ў размове зь «Белсатам», асаблівасьць сёлетняга варшаўскага форуму ў тым, што ён стаўся сапраўды міжнародным. Сьпікеры і ўдзельнікі – з Польшчы, Італіі, Вялікай Брытаніі, Украіны ды іншых краінаў. Але арганізатары форуму – бізнэсоўцы зь беларускімі каранямі.
Сярод іншага ўдзельнікі сустрэчы, арганізаванай ABBA і Польскай гандлёвай палатай пры партнэрстве з ЭЗ і CLDP, абмеркавалі сучасныя падыходы да прасоўваньня бізнэсу і продажу, разгледзелі гісторыі посьпеху беларускага бізнэсу за мяжой і інш.
У рамках форуму адбылася цырымонія ўручэньня трэцяй прэміі «Бізнэс вольнай Беларусі» (Free Belarus Business Awards). Сёлета ўзнагароды (у грашовым вымярэньні — 5 тысяч эўра) уручалі не ў сямі (як летась), а ў трох намінацыях, піша «Белсат». Пераможцамі сталі:
- «GlaBus» — у намінацыі «Eco Business». Кампанія «GlaBus» працуе над стварэньнем экалягічна чыстых матэрыялаў для дарожнага будаўніцтва, выкарыстаньне якіх зьмяншае выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру. Пры стварэньні максымальна выкарыстоўвае перапрацаваныя матэрыялы.
- «Alika. Mosaic» — у намінацыі «Art business». Каманда, якая стварае ўнікальныя творчыя наборы, якія дазваляюць кожнаму зрабіць свой уласны мазаічны твор.
- «LYN cosmetics» — у намінацыі «Business Lady». Брэнд натуральнай касмэтыкі, які «робіць акцэнт на бясьпецы для чалавека і навакольнага асяродзьдзя».
Віцэ-прэзыдэнт польскай гандлёвай палаты Анджэй Шумоўскі падчас выступу на форуме адзначыў, што ганарыцца падтрымкай беларускага бізнэсу ў Эўропе, якую палата ажыцьцяўляе ў шчыльнай каардынацыі з АВВА, а таксама супрацоўніцтвам паміж беларускімі і польскімі бізнэсоўцамі, якое разьвіваецца, нягледзячы на цяжкасьці, якія, спадзяецца ён, зьяўляюцца часовымі.
Спэцыялістка міжнароднага дэпартамэнту Праграмы разьвіцьця гандлёвага права (CLDP) Міністэрства гандлю ЗША Алекса Блэк анансавала правядзеньне ІІ Беларуска-амэрыканскага бізнэс-форуму ў ЗША ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2025 году (першы адбыўся ў Вашынгтоне сёлета 1 сакавіка).
- Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) была створаная ў жніўні 2021 году, яе ўзначальвае былы супрацоўнік дзяржаўнага сакратарыята Рады бясьпекі Беларусі Яўген Буры. Арганізацыя «дапамагае сумленнаму бізнэсу зь беларускімі каранямі ў рэлякацыі, адкрыцьці і разьвіцьці ў дэмакратычных краінах».
- Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі 13 кастрычніка 2023 году прызнаў АВВА «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- ABBA ладзіць падобныя форумы двойчы на год. У сувязі з ростам сябраў арганізацыі кіраўніцтва пастанавіла рабіць адну сустрэчу ў Амэрыцы, другую — у Эўропе.