Часовы павераны ў справы ЗША ў Беларусі Пітэр Каўфман асудзіў дэманстрацыю на беларускай тэлевізіі сюжэту аб так званай змове супраць Аляксандра Лукашэнкі з удзелам палітвязьня, грамадзяніна ЗША і Беларусі Юрыя Зянковіча.
«Я рашуча асуджаю недапушчальную дэманстрацыю беларускім рэжымам затрыманага грамадзяніна ЗША ў дзяржаўных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах і абвяргаю беспадстаўныя заявы, якія прагучалі ў праграме. Гісторыя выкарыстаньня рэжымам тактыкі прымусу для вытворчасьці падобнага кантэнту ставіць пад сумнеў добраахвотны характар удзелу грамадзяніна ЗША.
Дзяржаўны дэпартамэнт ня мае больш высокага прыярытэту, чым бясьпека грамадзян ЗША за мяжой, і мы будзем працягваць выступаць за паляпшэньне становішча гэтага затрыманага амэрыканца. Я паўтараю рэкамэндацыю ўраду ЗША: грамадзяне ЗША не павінны езьдзіць у Беларусь, а тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, павінны неадкладна пакінуць краіну», — гаворыцца ў заяве Каўфмана, распаўсюджанай амбасадай ЗША ў Менску.
Учора на беларускай тэлевізіі паказалі фільм «Забойная змова. Цэль — Лукашэнка». У фільме БТ Юрась Зянковіч, які знаходзіцца ў няволі 3,5 гады, выглядаў моцна схуднелым. Верагодна, пад прымусам ён агучваў нібыта дэталі пляну зрынаньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньні, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Падобна, запіс адбываўся ў сьценах крытай турму № 4 у Магілёве, вядомай сваімі надзвычай жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня палітычных зьняволеных.
У канцы відэа Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, зьвярнуўся да кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Камалы Гарыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго вяртаньню да сям’і ў Х’юстан (штат Тэхас).
Справа Зянковіча
Менскі абласны суд разглядаў справу аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з 29 ліпеня 2022 году. 5 верасьня 2022 году фігурантам агучылі прысуд:
- Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі,
- Аляксандру Фядуту — 10 гадоў,
- Рыгору Кастусёву — 10 гадоў,
- Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.
- Вольга Галубовіч — 2,5 года.
Зянковіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»).
Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы былі таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
У сьнежні 2022 году над Зянковічам адбыўся новы суд, ужо паводле абвінавачаньня ў «абразе прадстаўніка ўлады» — гэта 369 артыкул КК. Як кажуць праваабаронцы, палітвязьню дадалі паўгода да раней прызначанага тэрміну.
Вядома, што ў час расьсьледаваньня справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юры Зянковіч заключыў дамову зь сьледзтвам, а на судзе прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.
Летам 2024 году Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па памілаваньні.
Юры Зянковіч пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, цяпер яго ўтрымліваюць у больш жорсткіх умовах у турме № 4 у Магілёве.
Сёлета ў ліпені праваабаронцы паведамілі, што Юрыя Зянковіча будуць зноў судзіць 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Яму пагражаў дадатковы год зьняволеньня.