Колькасьць уцекачоў у Нямеччыне дасягнула новага максымуму — да канца першага паўгодзьдзя 2024 году зарэгістравана 3,5 млн іншаземцаў у статусе уцекача, прэтэндэнта на атрыманьне прытулку або з адхіленым стастусам, але які застаецца ў краіне, бо ягоная дэпартацыя ў цяперашні момант немагчымая.
Такі новы максымальны паказчык, піша Neue Osnabrücker Zeitung з спасылкай на дадзеныя Цэнтральнага рэгістру іншаземцаў, адзначаючы, што гэта на 60 тысяч чалавек больш, чым у канцы 2023 году. Апошні раз такі паказчык зафіксавалі ў Нямеччыне ў 1950-х.
Сярод іншых у рэгістры ўлічылі і 1,18 млн украінскіх уцекачоў. Іх колькасьць вырасла з канца мінулага года на 45 тысяч чалавек. Пры гэтым колькасьць іншаземцаў, якіх належыць выслаць, крыху зьменшылася ў параўнаньні з канцом 2023 году і склала 226 882 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапейскім судзе ў правах чалавека расказалі пра колькасьць спраў мігрантаў, якіх выціскалі з ЭЗ у БеларусьПры гэтым краіны ЭЗ фіксуюць амаль на 40 працэнтаў больш спроб нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі, чым у жніўні, паведамляе «Позірк». На 39,7% вырасла ў верасьні ў параўнаньні са жніўнем колькасьць зафіксаваных суседнімі краінамі Эўразьвязу спроб незаконнага пранікненьня з беларускай тэрыторыі. У параўнаньні зь ліпенем рост склаў 61,5%, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак іх памежных службаў за 1–18-е чысла кожнага з трох месяцаў.
У верасьні спынена 2 190 спроб супраць 1 568 у жніўні і 1 356 у ліпені. У параўнаньні з аналягічным перыядам верасьня мінулага года іх колькаьсць зьменшылася на 8,9 працэнта (2 405).
З пачатку гэтага месяца Польшча папярэдзіла 1 859 спроб — на 51,3% больш, чым у жніўні (1 229), у 2,7 разы больш, чым у ліпені (688), і ў 3,3 разы больш, чым за 18 дзён верасьня 2023 (561).
Латвія спыніла 189 спроб — на 37% менш, чым у жніўні (300), у 3,3 разы менш, чым у ліпені (628), і ў 9,4 разы менш, чым у верасьні мінулага года (1 773).
Літоўская памежная служба зафіксавала 142 спробы — у 3,6 раза больш, чым у жніўні (39) і ліпені (40), і ў 2 разы больш, чым у мінулым верасьні (71).
З пачатку 2024 года краіны ЭЗ спынілі 30 566 спроб, або на 2% менш, чым за аналягічны леташні перыяд (31 174), у тым ліку Польшча — 25 677 (+23%, 20 878), Латвія — 4 281 (-2 разы, 86). Літва — 608 (-2,7 разы, 1 669).
Апошнія чатыры дні памежнай службы нязьменна фіксавалі больш за 100 спроб нелегальнай міграцыі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета краіны ЭЗ спынілі больш за 30 тысяч спробаў нелегальнага пранікненьня мігрантаў зь Беларусі