Міністэрства інфармацыі Беларусі адказала на пэтыцыю беларусаў, якія прасілі павялічыць колькасьць трансьляцый рэклямы на беларускай мове.
Як заўважыла выданьне «Люстэрка», у сваім адказе Міністэрства інфармацыі паведаміла, што кантроль над рэклямнай дзейнасьцю ажыцьцяўляе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
«Больш рэклямы на беларускай мове, на наш погляд, будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы. Таму мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ніжэй падпісаліся, просім павялічыць колькасьць трансьляцый рэклямы на беларускай мове, якая дэманструецца на беларускім тэлебачаньні», — адзначылі ў сваім звароце грамадзяне Беларусі.
У адказ Міністэрства інфармацыі нагадала, што мовамі СМІ зьяўляюцца «беларуская і (або) расейская мова», а таксама іншыя мовы народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Беларусі.
«Такім чынам, рэдакцыі тэлепраграм маюць права самастойна вызначаць мову вяшчаньня i выкарыстаньня ў рэкляме (беларускую i (або) рускую). Пры гэтым, у выпадку стварэньня сеткі вяшчаньня на дзьвюх мовах, аб’ём кожнай зь ix можа, у тым ліку, залежаць ад канцэпцыі вяшчаньня CMI i пераваг аўдыторыі. Адначасова зьвяртаем увагу, што ў адпаведнасьці з артыкулам 20 закону аб CMI размяшчэньне (распаўсюджваньне) рэклямы ў сродках масавай інфармацыі ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб рэкляме», — паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны актывіст даслаў у шэраг райвыканкамаў просьбы памяняць расейскамоўныя шыльды на беларускамоўныя. Што яму адказалі«Кантроль у галіне рэклямнай дзейнасьці, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, ажыцьцяўляе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня i гандлю (артыкул 8 закону Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 г. № 225−3 „Аб рэкляме“). Да кампэтэнцыі Мінінфарма гэтыя пытаньні не аднесены», — дадалі ў ведамстве.