Журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава, расьсьледніца зь Нігера Саміра Сабу, палестынская журналістка Шрук Аль Айла і гватэмальская журналістка Кімі дэ Леон сталі ляўрэаткамі Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы Камітэту абароны журналістаў.
Як адзначаецца на сайце арганізацыі, Камітэт абароны журналістаў таксама пасьмяротна ўзнагародзіў Крыстофа Дэлуара, які займаў пасаду генэральнага дырэктара «Рэпартэраў бязь межаў», прэміяй імя Гвэн Айфіл за свабоду прэсы 2024 году, якую штогод уручаюць на знак прызнаньня прыхільнасьці да свабоды прэсы. Дэлуар памёр у чэрвенi 2024 году ад ускладненьняў у выніку анкалягічнага захворваньня.
Алсу Курмашава 288 дзён правяла ў зьняволеньні ў Расеі. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе так званых фэйкаў пра армію Расеі. 19 ліпеня Вярхоўны суд Татарстана прыгаварыў яе да 6,5 года калёніі. У пачатку жніўня журналістка выйшла на волю ў часе масавага абмену вязьнямі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю.
Прэміі ўручаць ў Нью-Ёрку 21 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістка Алсу Курмашава пра вызваленьне ў рамках абмену: «Да апошняга не магла паверыць, што гэта адбываецца»