У Польшчы арыштаваны Анатоль Бліноў, якога Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) лічыць арганізатарам нападу на аднаго са сваіх кіраўнікоў Леаніда Волкава ў Вільні ў сакавіку сёлета. Пра арышт Блінова паведаміла «Сирена» са спасылкай на нацыянальную пракуратуру Польшчы.
Прадстаўніца пракуратуры пацьвердзіла выданьню, што «Анатоль Б.» быў адпраўлены пад арышт на тры месяцы ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы. Па якім артыкуле распачатая справа, не паведамляецца, аднак сьледзтва вядзе Мазавецкае аддзяленьне дэпартамэнту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Іншай інфармацыі пакуль няма.
Адна з аўтараў расьсьледаваньня ФБК Марыя Пеўчых напісала, што ў яе ёсьць «яшчэ некалькі важных дапаўненьняў па арышце Блінова, але яны будуць крыху пазьней».
Меркаваныя выканаўцы нападу — грамадзяне Польшчы, якія цяпер таксама знаходзяцца пад вартай у гэтай краіне.
- 12 верасьня ФБК апублікаваў расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджае, што напад на Леаніда Волкава, падчас якога апазыцыянэра зьбілі малатком у Вільні, замовіў бізнэсмэн, які жыве ў Ізраілі, адзін з былых кіраўнікоў ЮКОСу Леанід Неўзьлін. Крыніцай інфармацыі, якая легла ў аснову расьсьледаваньня, стаў Андрэй Матус, зьвязаны, паводле яго слоў, з ФСБ. Па словах Матуса, напад на Волкава Неўзьлін даручыў арганізаваць Блінову за 250 тысяч даляраў. У расьсьледаваньні гаворыцца і пра іншыя даручэньні Неўзьліна, якія, як сьцьвярджаецца, выконваў Бліноў.
- Сьцьвярджалася, што Неўзьлін застаўся незадаволены вынікамі нападу і не заплаціў Блінову абяцаныя 250 тысяч даляраў, даручыўшы забраць у юрыста гаджэты, дзе магла быць перапіска наконт Волкава. Зрабіць гэта павінен быў Андрэй Матус, які абнародаваў перапіску праз ФБК, а таксама праз расейскі дзяржаўны тэлеканал RT, дзе адпаведныя матэрыялы былі апублікаваныя яшчэ да выхаду расьсьледаваньня ФБК.
- Сам Неўзьлін заявіў, што ня мае дачыненьня «да якіх бы там ні было нападаў на людзей, ні ў якай форме». На яго думку, «ФБК, як мінімум, сьвядома тыражуе маскоўскія „зьлівы“, якія цалкам адпавядаюць ключавым наратывам пуцінскай прапаганды».
- Ён падкрэсьліў, што ня мае дачыненьня да расейскай палітыкі, а ўсё, чым ён займаецца, акрамя грамадзкай і выдавецкай дзейнасьці ў Ізраілі, — гэта дапамога Ўкраіне.
- Абвінавачаньні ФБК на адрас Неўзьліна выклікалі вялікі рэзананс у расейскім эмігранцкім, апазыцыйным і актывісцкім асяродзьдзі.