Крымінальную справу супраць некаторых удзельнікаў праграмы Белсату «Плян:Б» прыпынілі

Ілюстрацыйнае фота.

Крымінальную справу супраць некаторых удзельнікаў праграмы «Плян:Б» прыпынілі 5 верасьня, паведамляюць крыніцы «Белсату».

Паводле інфармацыі крыніцаў выданьня, справу прыпынілі ў сувязі з тым, што не ўдалося выявіць месца знаходжаньня фігурантаў. Не далі ніякіх вынікаў ператрусы ў месцах іхнай прапіскі і ў сваякоў, а таксама абвяшчэньне іх у вышук, піша «Белсат».

Справаю займаецца кіраўнік аддзелу крымінальнага вышуку аддзелу ўнутраных справаў Гомельскага райвыканкаму падпалкоўнік міліцыі Яўген Палазкоў. Сьледчы — Аляксандар Цімашчэня.

Як паведамлялася, 5 чэрвеня гомельскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў на вядоўцаў і ўдзельнікаў праграмы «Плян: Б», якая выходзіць на «Белсаце», крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), што прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да шасьці гадоў. Фігурантамі справы зрабіліся больш за два дзясяткі асобаў.

Нагадаем, што першы суд за ўдзел у ток-шоў «Плян: Б» ужо адбыўся і быў завочны. Факт удзелу ў праграме блогеркі Вольгі Павук быў адным з эпізодаў крымінальнай справы супраць яе. Усяго ў справе было 12 эпізодаў, агулам Вользе завочна прысудзілі восем гадоў зьняволеньня.

Ток-шоў «Плян: Б» зьявілася на экранах «Белсату» на пачатку 2022 году. Апошняе выданьне ток-шоў выйшла ў этэр 27 траўня сёлета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіў працу сайт «Белсату», які адсутнічаў у сеціве з 1 жніўня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі тэлеканал Belsat прызналі непажаданай арганізацыяй