Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу зь кіраўніком прарасейскай адміністрацыі Данецкай вобласьці Дзянісам Пушыліным у Менску. Гэта іх другая сустрэча. Пасьля першай такой сустрэчы ў красавіку 2023 году Кіеў адклікаў свайго амбасадара зь Менску.
«Мы супрацоўнічаем даўно. А што тычыцца Беларусі, то ў складзе Ўкраіны мы заўсёды супрацоўнічалі з Данецкай вобласьцю. І, натуральна, у гэтыя складаныя, цяжкія часы з тых яшчэ гадоў, ужо 10 гадоў, мы не адмаўляліся ад гэтай супрацы, гатовы працягваць і цяпер. Тым больш што пэўныя напрацоўкі ёсьць, база створаная», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Аяксандар Лукашэнка перакананы, што такая супраца не пярэчыць міжнародным нормам.
«Мы працуем у імя людзей. Ёсьць праблема ў будаўніцтве ў вас — мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць. Ёсьць у вас праблема кагосьці лячыць, адукацыю атрымаць — мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць. Абсалютна на такіх прынцыпах гатовы супрацоўнічаць і з Украінай. Таму ня трэба тут на нас наяжджаць, навальваць. Мы людзі міралюбныя. У аснове нашай дружбы і супрацы — толькі мір», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» забясьпечваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» тэхнічнай сольлю, — расьсьледніцкі праект «Бюро»
- У Растове-на-Доне адкрылі генэральнае консульства Беларусі. У яго акругу ўвайшлі Растоўская і Валгаградзкая вобласьці РФ, а таксама акупаваныя расейскай арміяй тэрыторыі Ўкраіны — так званыя «Данецкая народная рэспубліка», «Луганская народная рэспубліка», часткі Запароскай і Херсонскай абласьцей і анэксаваны раней Крым.
- Кіраўнік так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 году.
- Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь ім 18 красавіка 2023 году ў Менску. 15 чэрвеня мінулага году амбасадар Беларусі ў РФ Дзьмітры Круты падпісаў з Пушыліным «пагадненьне аб пашырэньні партнэрства».
- У жніўні 2023 году Беларусь наведвала дэлегацыя «ДНР».
- 30 верасьня 2022 году Ўладзімір Пуцін падпісаў «дакумэнты» аб уваходжаньні ў склад РФ так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», а таксама «Запароскай і Херсонскай абласьцей». За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расейскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя «рэфэрэндумы».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.