Беларуская дэмакратычная лідэрка накіравала ліст у Каардынацыйную раду з просьбай арганізаваць у найбліжэйшы час слуханьні і разгледзець кандыдатуру Зазулінскай, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Вольга Зазулінская — кіраўніца фонду «Краіна для жыцьця», праваабаронца, каардынатарка праекту дапамогі сем’ям палітзьняволеных, суарганізатарка службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі».
Была назіральніцай на выбарах у жніўні 2020 году, валянтэркай у лягеры мэдыкаў на Акрэсьціна, куды звозілі шматлікіх затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, мае досьвед працы ў дабрачыннасьці. Восеньню 2020 году Вольгу Зазулінскую затрымалі супрацоўнікі КДБ. Пазьней яе асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.
Праз пагрозу перасьледу Зазулінская прыняла рашэньне пакінуць Беларусь і ў канцы лістапада 2020 году выехала ў Літву.
19 верасьня ў Вільні Зазулінская разам зь Ціханоўскай прыме ўдзел у прэзэнтацыі Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязьням.
16 верасьня пасаду прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту пакінула Вольга Гарбунова. Яе адстаўку прыняла кіраўніца кабінэту Сьвятлана Ціханоўская. «Для мяне гэта было няпростым рашэньнем, якое я пэўны час абдумвала і прыйшла да высновы, што хацела б працягнуць сваю дзейнасьць ня столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзьняволеным», — сказала Гарбунова.
Вольга Гарбунова была прадстаўніцай у сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту са сьнежня 2022 году. Сярод найважнейшых яе дасягненьняў — правядзеньне онлайн-маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно!» і запуск службы сацыяльнай дапамогі беларусам і беларускам «Адно вакно».
Дзярждэпартамэнт ЗША ўзнагародзіў Гарбунову Міжнароднай прэміяй за адвагу — International Women of Courage (IWOC) Awards — як праваабаронцу, «якая прысьвяціла сваё жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных групаў у Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі