Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленьне ЗША апублікавала штогадовы антырэйтынг краін ва ўзроўні сьмяротнасьці — Беларусь заняла ў ім дзясятае месца. Тым часам у рэйтынгу нараджальнасьці ЦРУ Беларусь апынулася ў канцы.
Агулам у рэйтынгу краін паволе ўзроўню сьмяротнасьці прадстаўлена 229 краін і тэрыторый. Зьвесткі прыводзяцца па стане на 2024 год, іх крыніца не называецца.
Узначаліла антырэйтынг Украіна з паказчыкам 18,6 сьмерці на тысячу чалавек.
Беларусь у рэйтынгу заняла 10-е месца: паводле зьвестак ЦРУ, паказчык сьмяротнасьці ў Беларусі — 13,3 сьмерці на тысячу чалавек.
У топ-10 краінаў сьвету з самай высокай сьмяротнасьцю, паводле рэйтынгу ЦРУ, таксама ўвайшлі Літва з паказчыкам 15,2 сьмерці на тысячу чалавек, Сэрбія (14,9 сьмерці на тысячу чалавек), Латвія (14,7), Румынія (14,6), Вугоршчына (14,5), Баўгарыя (14,2), Малдова (14,2) і Расея (14 сьмерцяў на тысячу чалавек).
Самы нізкі паказчык сьмяротнасьці — у Катара (1,4 сьмерці на тысячу чалавек).
Таксама ЦРУ апублікавала і рэйтынг нараджальнасці. Паводле яго, самая дрэнная сытуацыя з нараджальнасьцю па стане на 2024 год таксама ва Ўкраіне — шэсьць нараджэньняў на тысячу чалавек. Украіна заняла апошняе, 228-е месца ў рэйтынгу.
Беларусь у сёлетнім рэйтынгу нараджальнасьці, складзеным ЦРУ, знаходзіцца на 210-м месцы з паказчыкам 8,3 нараджэньня на тысячу чалавек.
У ліку краін з самай нізкай нараджальнасьцю апынуліся таксама Японія (6,9 нараджэньня на тысячу чалавек), Андора (6,9), Манака (6,5), Паўднёвая Карэя (7), Італія і Гішпанія (па 7,1).
У топе рэйтынгу нараджальнасьці — Нігер (46,4 нараджэньня на тысячу чалавек).
У сваім антырэйтынгу ЦРУ абапіралася на зьвесткі пра агульны каэфіцыент сьмяротнасьці на 1000 чалавек насельніцтва. Ён разьлічваецца як суадносіны колькасьці сьмерцяў, зарэгістраваных на працягу каляндарнага году, і сярэднегадовай колькасьці насельніцтва гэтага каляндарнага году, памножанага на 1000.
Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, як правіла, агульны каэфіцыент сьмяротнасьці не выкарыстоўваецца для правядзеньня міжнародных параўнаньняў, бо гэты каэфіцыент у вялікай ступені залежыць ад узроставага складу насельніцтва і можа ўвесьці ў зман, заўважыла «Люстэрка».
«Напрыклад, агульны каэфіцыент сьмяротнасьці для краін, якія разьвіваюцца, звычайна ніжэйшы, чым агульны каэфіцыент сьмяротнасьці для разьвітых краін з прычыны рознага складу насельніцтва, г. зн. у разьвітых краінах больш старое насельніцтва», — тлумачыла Сусьветная арганізацыя здароўя.
На думку дырэктаркі Інстытуту дэмаграфіі і сацыяльных дасьледаваньняў ім. М. Птухі НАН Украіны Элы Лібанавай, найлепшы індыкатар сьмяротнасьці — гэта сярэдняя чаканая працягласьць жыцьця. Менавіта на гэтыя паказаньні і абапіраюцца спэцыялісты.
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апошні раз публікаваў зьвесткі аб сьмяротнасьці і нараджальнасьці ў траўні 2019 году, да пачатку пандэміі каранавірусу. Пасьля ў Белстаце вырашылі не публікаваць статыстыку, якая «пагражае нацыянальнай бясьпецы краіны, грамадзкаму парадку і маральнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць, гандаль, бюджэт. Як улады ўтойваюць дзяржаўную статыстыку