Колькасьць загінулых у выніку выбухаў партатыўных рацый «Хэзбалы» ў Лібане вырасла да 20

Колькасьць загінулых у выніку выбухаў партатыўных рацый і іншай тэхнікі ў Лібане вырасла да 20, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Лібану. Раней паведамлялі, што пры выбухах 18 верасьня загінулі 14 чалавек, пацярпелі — 450.

Тэлеканал Alhurra адзначае, што сярод загінулых — дзевяць чальцоў групоўкі «Хезбала» (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і часткова ў Эўразьвязе). Паводле зьвестак тэлеканала «Аль-Джазіра», раненьні атрымалі «сотні» чалавек.

17 верасьня па ўсім Лібане ўзарваліся пэйджары, якія належаць удзельнікам «Хезбалы». Тады загінулі 12 чалавек, каля 3 тысяч былі параненыя.

На наступны дзень у Лібане пачалі выбухаць партатыўныя рацыі і радыёстанцыі, ноўтбукі, а таксама скутэры і аўтамабілі з найноўшай электронікай.

Галоўны доктар мэдцэнтру пры Амэрыканскім унівэрсытэце Бэйрута (AUB) Салах Зейнедзін расказаў, што ў большасьці людзей, якія паступілі ў лякарню, былі пашкоджаныя твар, ніжняя частка жывата і рукі. «У выпадку з рукамі ў нас было шмат выпадкаў ампутацыі пальцаў, а ў выпадку з вачыма ў нас было шмат траўмаў, якія пакідаюць пасьля сябе пастаянныя парушэньні функцый вачэй або поўную інваліднасьць», — сказаў ён.

Міжнароднае гуманітарнае права забараняе выкарыстаньне мінаў-пастак — аб’ектаў, якія могуць прыцягнуць увагу цывільных асобаў або асацыююцца з паўсядзённым выкарыстаньнем, — менавіта для таго, каб не падвяргаць цывільных асобаў сур’ёзнай рызыцы, адзначае былы выканаўчы дырэктар Human Rights Watch Кенэт Рот.

Ізраіль афіцыйна не камэнтаваў інфармацыі пра выбухі і паведамленьні аб датычнасьці да іх ізраільскай Службы замежнай выведкі «Масад». «Хезбала», тым ня менш, усклала адказнасьць за масавыя выбухі на Ізраіль і паабяцала «справядлівы адказ, адкуль не чакалі». 18 верасьня «Хэзбала» заявіла, што атакавала ракетамі пазыцыі ізраільскай артылерыі.

18 верасьня агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, адна зь якіх — высокапастаўленая крыніца ў лібанскай службе бясьпекі, паведаміла, што ізраільская выведка «Масад» заклала выбухоўку ў пяць тысяч пэйджараў, імпартаваных групоўкай «Хезбала» за некалькі месяцаў да выбухаў. Па словах крыніцы, тры тысячы пэйджараў выбухнулі, калі на іх адправілі закадаванае паведамленьне, якое адначасова актывавала выбухоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як рыхтавалі апэрацыю супраць «Хэзбалы» з выкарыстаньнем пэйджараў