У ноч на 18 верасьня расейскія СМІ паведамілі пра масавую атаку бесьпілётнікаў на горад Тарапец Цьвярской вобласьці Расеі — мясцовыя ўлады паведамілі пра эвакуацыю насельніцтва з тэрыторыі, дзе працавала супрацьпаветраная абарона. Успыхнуў пажар.
Пазьней у інтэрнэце зьявіліся відэа гучных выбухаў і маштабных пажараў ад мясцовых жыхароў, якія паведамілі пра атаку на склад боепрыпасаў. Мясцовыя ўлады паведамілі, што пажар пачаўся «ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА».
Пазьней крыніца Радыё Свабода ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведаміла, што штаб галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ у Тарапцы быў атакаваны бесьпілётнікамі СБУ, галоўнага ўпраўленьня выведкі і сілаў спэцыяльных апэрацыяў.
Паводле зьвестак крыніцы, на складзе захоўваліся ракеты для комплексаў «Іскандэр», апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У», зэнітныя ракеты і артылерыйскія боепрыпасы.
18 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра нібыта зьнішчэньне 54 бесьпілётнікаў у шэрагу рэгіёнаў. Аднак пра сытуацыю ў Цьвярской вобласьці не паведамляла.
Кіеў сьцьвярджае, што ўдары па Расеі наносяцца па аб'ектах вайсковай, энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры, якія зьяўляюцца ключавымі для ваенных дзеяньняў Масквы.
Расейскія ўлады амаль ніколі не паведамляюць пра поўную шкоду, нанесеную ўкраінскімі ўдарамі.