Вярхоўны суд ЭЗ скасаваў вялікі штраф для Google

Карпарацыя Google выйграла апэляцыю супраць штрафу Эўрапейскай камісіі за парушэньне правілаў канкурэнцыі.

Штраф у памеры 1,5 мільярда эўра быў адменены ў сераду Вярхоўным судом Эўразьвязу, пра гэта паведамляе Financial Times.

Суд заявіў, што прыняў большую частку ацэнак камісіі пра тое, што кампанія выкарыстала сваё паноўнае становішча, каб блякаваць канкурэнтаў сярод онлайн-рэклямадаўцаў, аднак пастанавіў адмяніць штраф у 1,5 мільярда эўра, накладзены на Google па гэтай справе. Гэтае рашэньне суд абгрунтаваў тым, што Эўракамісія «не прыняла да ўвагі ўсе адпаведныя абставіны пры ацэнцы тэрміну дзеяньня дагаворных пунктаў, якія яна палічыла несправядлівымі».

Справа супраць Google была ініцыяваная ў 2019 годзе Маргрэтэ Вэстагер, кіраўніцай антыманапольнага камітэту ЭЗ. Яна абвінаваціла карпарацыю ў тым, што з 2006 па 2016 год кампанія ўводзіла антыканкурэнтныя абмежаваньні, якія перашкаджалі супрацоўніцтву сайтаў зь іншымі рэклямнымі сэрвісамі. Штраф быў абгрунтаваны сур’ёзнасьцю і працягласьцю парушэньняў.

Прадстаўнікі Google адзначылі, што зьмены ў кантракты з вэб-сайтамі былі ўнесены яшчэ ў 2016 годзе, да рашэньня Эўрапейскай камісіі і пачатку справы. Цяпер кампанія выказала задавальненьне пастановай суду, адзначыўшы, што суд «прызнаў памылкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нізкая хуткасьць, дызайн 2011 году»: Як працуе новаствораны «свой YouTube» і якія праекты ў ІТ спрабавалі рабіць з падачы беларускіх уладаў