У Расеі ў горадзе Набярэжныя Чаўны сёньня быў затрыманы былы старшыня Ўсетатарскага грамадзкага цэнтру Зінур Агліулін.
У верасьні сёлета ў дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула КК РФ аб «распальваньні міжнацыянальнай варожасьці» паміж расейцамі і татарамі.
Жонка Агліуліна паведаміла, што раніцай да іх у дом уварваліся паліцэйскія і правялі ператрус. Адзін са сьледчых паведаміў, што на Агліуліна адкрытая крымінальная справа «за прапаганду экстрэмізму». Жонка дадала, што ператрусы прайшлі і ў іншых актывістаў.
Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «Татарская якудза», летась Зінур Агліулін далучыўся да руху «Татарская народная партыя Янгарыш», які ў жніўні гэтага году Вярхоўны суд Татарстану прызнаў экстрэмісцкім. Агліулін нібыта ўзначальваў аддзяленьне Янгарыш у Набярэжных Чаўнах і прыцягваў новых прыхільнікаў.
- Усетатарскі грамадзкі цэнтар (УТГЦ) — найбольш вядомае грамадзка-палітычнае аб’яднаньне татарскага нацыянальнага руху. Ён быў заснаваны ў 1988 годзе. На пачатку 1990-х гадоў арганізацыя патрабавала надаць Татарстану паўнавартасны сувэрэнітэт. У апошнія гады свайго існаваньня УТГЦ выступаў у падтрымку асаблівага статусу рэспублікі, а таксама ў абарону татарскай мовы як дзяржаўнай у рэгіёне.
- У студзені 2021 году пракуратура Татарстану запатрабавала прызнаць УТГЦ «экстрэмісцкім». Нагляднае ведамства выявіла прыкметы экстрэмізму ў выступах татарскіх актывістаў на мітынгу ў памяць аб ахвярах расейскага захопу Казані ў XVI стагодзьдзі.
- 10 чэрвеня 2022 году УТГЦ быў прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і ліквідаваны рашэньнем Вярхоўнага суду Татарстану.