Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча пачалі судзіць па новым абвінавачаньні

Зьміцер Дашкевіч, каляж Свабоды

Былога лідэра апазыцыйнай арганізацыі «Малады фронт», актывіста Зьмітра Дашкевіча 18 верасьня пачалі судзіць па новым абвінавачаньні ў «злосным непадпарадкаваньні» патрабаваньням адміністрацыі калёніі (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу), заўважыў «Позірк».

Паралельна яго судзяць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Абедзьве справы разглядае суд Першамайскага раёну Менску.

Працэс па арт. 342 над Дашкевічам пачаўся 17 ліпеня, пра завядзеньне справы на актывіста стала вядома 3 траўня. Як вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду, чарговае паседжаньне павінна было адбыцца 2 верасьня, але яго перанесьлі на 23 верасьня. Цяпер у раскладзе на гэты дзень паседжаньня няма, але ёсьць паседжаньне на 18 верасьня, а да артыкула 342 дадалі артыкул 411.

  • 11 ліпеня 2023 году Зьміцер Дашкевіч павінен быў выйсьці на волю пасьля паўтара года пазбаўленьня волі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 году (арт. 342 КК). Яго ня вызвалілі, бо завялі новую крымінальную справу па ч. 1 арт. 411.
  • 19 кастрычніка 2023 году судзьдзя Тацяна Дзеравянка з суду Барысаўскага раёну прызнала актывіста вінаватым па гэтым артыкуле і прыгаварыла да аднаго года пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму. Для Дашкевіча гэты крымінальны тэрмін стаў чацьвёртым.
  • 25 траўня 2024 году стала вядома пра завядзеньне супраць актывіста новай справы па артыкуле 411 КК.
  • Зьміцер Дашкевіч адбывае тэрмін у калёніі № 14 у Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласьці).
  • У Дашкевіча і ягонай жонкі Насты Дашкевіч (Палажанкі), якая раней таксама была актывісткай «Маладога фронту», чацьвёра дзяцей. У ліпені 2022 году разам з мужам Насту Дашкевіч асудзілі па арт. 342 на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэцыдывісты і мэталаапрацоўка. Што вядома пра калёнію ў Навасадах, куды перавялі Зьмітра Дашкевіча