«ПіК Свабоды». Чаму Лукашэнка вызваляе некаторых палітвязьняў? Адказ Шрайбмана

Арцём Шрайбман

Зь якой мэтай Лукашэнка вызваляе некаторых палітвязьняў, пакідаючы, аднак, за кратамі асноўную іх колькасьць і адначасова набіраючы новых? Ці варта лічыць такія дзеяньні актам гуманізму? Які сцэнар разгортваньня падзеяў у краіне больш імаверны: вяртаньне ў 2019 ці ў 2020 год?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Чатыры хвалі вызваленьня палітвязьняў па некалькі дзясяткаў чалавек цягам трох месяцаў (апошняя — напярэдадні 17 верасьня) — зашмат для «пробнага шара». А для чаго ў такім разе насамрэч? Што мае на мэце Лукашэнка? Гэта ж, як-ніяк, адпусканьне лейцаў, разгойдваньне чоўна. А гэта небясьпечна. Дзеля чаго рызыкаваць?

— Пакуль ён адпускае пераважна тых вязьняў, якія павінны былі і без памілаваньня неўзабаве выйсьці на волю. Да таго ж гэта ў асноўным асобы непублічныя. Некаторыя хворыя і маглі памерці ў турме ў найбліжэйшы час з прычыны сваіх хваробаў. Я б не сказаў, што тут ёсьць нейкія сапраўды сур’ёзныя палітычныя рызыкі для рэжыму. Цалкам вызваліць усіх палітвязьняў адным махам, спыніць рэпрэсіі — вось тут быў бы заход у зону разнастайных рызык. Гэтыя рызыкі былі б зьвязаныя і з пазыцыяй сваіх сілавікоў, і Расеі, і з траўмай 2020 году, якая ў Лукашэнкі ёсьць.

Але вось такое — па кроплі — вызваленьне палітвязьняў не выглядае чымсьці пагрозьлівым для рэжыму. Гэтыя людзі пасьля вызваленьня або выяжджаюць, або паводзяць сябе са зразумелых прычынаў вельмі ціха. Таму я б тут не перабольшваў рызык, нават у вачах Лукашэнкі, які больш за нас схільны гэтыя рызыкі бачыць.

Але сапраўды, гэта ўжо ніякая не выпадковасьць, ня пробны шар. Гэта, вядома ж, тэндэнцыя, яўны палітычны сыгнал. Сыгнал гэты можа быць накіраваны, на мой погляд, толькі аднаму адрасату — Захаду. Я тут ня бачу спробаў дасягнуць нацыянальнага прымірэньня перад выбарамі ці гуманізаваць вобраз Лукашэнкі. Занадта вузкая аўдыторыя, якая змагла б ацаніць крок такога кшталту. Чаму гэты відавочны сыгнал Захаду накіроўваецца цяпер?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Несьвяточная прамова. Лукашэнку хочацца легітымнасьці і допуску да мірных перамоваў

Гэта можа быць вынікам памылковага ўспрыманьня беларускім рэжымам уласнай значнасьці і значнасьці такіх ягоных саступак для Захаду. Магчыма, беларуская ўлада ўсё яшчэ жыве ў парадыгме 2014-2015 гадоў, ацэньваючы тое, што Захад хоча ад Менску, і лічачы, што, калі пачаць гэты працэс, то Захад таксама ўцягнецца. Магчыма, няма вельмі амбіцыйных задач кшталту «давайце мы зараз даможамся зьняцьця ўсіх санкцыяў», а ёсьць задачы ніжэйшага ўзроўню.

Напрыклад, разблякаваць дыялёг на вышэйшым узроўні, разблякаваць дыпляматычную ізаляцыю. Калі задача такая, то лягічна пачынаць не з сотняў ці тысяч вызваленых, а выпускаць патроху і глядзець, дзе тая мяжа, пасьля якой Захад зьверне ўвагу. Каб найменшымі саступкамі абысьціся, а не адразу ўсіх вывальваць. А раптам і ня трэба будзе вызваляць паўтары тысячы, а дастаткова будзе паўтары сотні? Адкуль гэта вядома? У гэтым сэнсе гэта можа быць зандаваннем прасторы для дыялёгу.

Урэшце, могуць быць чаканьні, зьвязаныя з выбарамі 2025 году. Магчыма, з пункту гледжання ўлады гэта стане пэрыядам, калі можна будзе больш пераканаўча для Захаду прапанаваць «перагортваньне старонкі». Дваццаты год застаецца ў мінулым, у дваццаць пятым новыя выбары, перазагрузка легітымнасці. І можна пад гэту справу «прагрэць» сытуацыю вызваленьнем палітвязьняў, падрыхтаваць Захад да таго, што ёсьць нейкі прагрэс, які Захад можа ацаніць, у тым ліку прызнаўшы легітымнасьць Лукашэнкі ў нейкай форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма расказаў пра шляхі завяршэньня вайны паміж Расеяй і Ўкраінай

Няхай і ня ў поўнай меры, але каб кантакты на вышэйшым узроўні сталі рэгулярнымі, каб з Лукашэнкам пачалі абмяркоўваць, напрыклад, той жа міграцыйны крызіс.

У адміністрацыі Лукашэнкі чакаюць, што хутка можа зьмяніцца рэгіянальная сытуацыя, могуць пачацца нейкія перамовы аб Украіне. І ў сытуацыі такіх перамоваў, калі Захад перазагрузіць свае адносіны з Расеяй, трэба з гэтага працэсу перазагрузкі ня выпасьці, не застацца ў ізаляцыі ў адзіноце. У такім выпадку варта «падаслаць саломку» пад гэту справу загадзя.

Ёсьць прыкметы таго, што ў адміністрацыі Лукашэнкі многія чакаюць ці прыходу Трампа да ўлады, ці нейкіх перамоваў аб Украіне ў найбліжэйшай, агляднай будучыні. Нядаўна Лукашэнка аддаў загад прапагандыстам менш крытыкаваць Украіну, бо «потым зь імі мірыцца трэба будзе». Калі ўлада сапраўды ў гэта верыць, то ёсьць пэўная лёгіка ў тым, каб рыхтавацца да такой перазагрузкі ўжо большага маштабу, чым толькі па лініі Менск — Захад. Гэтыя меркаваньні могуць у той ці іншай ступені ўплываць на гэты працэс.

Існуе і самы цынічны ўзровень размовы. Калі разглядаць палітвязьняў як тавар, то ў гэтага тавару таксама ёсьць тэрмін прыдатнасьці. І з пункту гледжаньня Лукашэнкі проста дапусьціць, каб гэтыя людзі выйшлі на волю, адбыўшы свае тэрміны — гэта таксама своеасаблівая страчаная магчымасьць. А большасьць з памілаваных з гэтых чатырох хваляў выйшлі б на волю, цалкам адбыўшы тэрміны зьняволеньня, цягам году-двух.

Пра сувязь санкцыяў і вызваленьня палітвязьняў, пра магчымасьці і дылемы дэмакратычных сілаў, пра імавернасьць фігуральнага «вяртаньня» ў 2019 і 2020 гады глядзіце відэа гутаркі з Арцёмам Шрайбманам.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.