Гомельская пракуратура запатрабавала ад «Яндекс Музыки» выдаліць песьні рагачоўскага гурту Tor Band

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Канцэрт Tor Band

Пракуратура Гомельскага раёну запатрабавала ад сэрвісу «Яндекс Музыка», сярод іншага, выдаліць песьні рагачоўскага гурту Tor Band і кантэнт суполкі «Маланка Медиа». У выніку іх «выключылі з прапановаў да праслухоўваньня».

Як паведамілі ў пракуратуры, у адрас ТАА «ЯндэксБел» накіравалі прадстаўленьне з патрабаваньнем «выдаліць запісы выступаў фашысцкіх лідэраў і экстрэмісцкія музычныя кампазыцыі», якія ведамства выявіла падчас маніторынгу ў сеціве.

Пракуратура выявіла на музычным сэрвісе кантэнт, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: «Напрыклад, музычныя кампазыцыі гурту „TOR BAND“, якія ў 2022 годзе судом Цэнтральнага раёну Гомля прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а таксама кантэнт суполкі „Маланка Медия“ і іншыя», — паведамілі ў ведамстве.

Акрамя гэтага, паводле пракуратуры, на сайце і ў аплікацыі «Яндэкс Музыка» ў публічным доступе былі запісы выступаў Адольфа Гітлера і Бэніта Мусаліні.

Усе гэтыя матэрыялы з сэрвісу запатрабавалі выдаліць. «Акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме», — паведамілі ў пракуратуры. Але, выглядае, гаворка ідзе не пра выдаленьне — у загалоўку паведамленьня пракуратуры ўказана, што запісы «выключаныя з прапановаў да праслухоўваньня».

Цяпер зь беларускага IP на сэрвісе «Яндекс Музыка» сапраўды нельга праслухаць частку кампазыцый Tor Band (напрыклад, «Мы — не народец», «Жыве», «Кто, если не ты?», «Dead Мороз») — сэрвіс інфармуе: «Трэк не даступны па патрабаваньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым цалкам старонку групы ня выдалілі. Зь іншых лякацыяў — напрыклад, з расейскага IP — даступныя ўсе кампазыцыі гурту, заўважыла выданьне Reform.news па выніках праверкі даступнасьці трэкаў Tor Band у расейскім сэрвісе.

  • Рагачоўскі гурт Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году.
  • Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў.
  • Вядомасьць набылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец».
  • У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
  • Музыкаў Tor Band затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. 31 кастрычніка агучылі вырак: Дзьмітры Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу, Андрэй Ярэмчык — 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.
  • У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»); ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»); арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»). Прысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лёгікі няма». Каго ў Беларусі ўключаюць у «сьпісы экстрэмістаў і тэрарыстаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было». Як у сеціве адрэагавалі на прысуд Тоr Band