ААН гатовая да місіі ў частцы Курскай вобласьці, падкантрольнай Узброеным сілам Украіны

Ілюстрацыйнае фота. Украінскі вайсковец у Суджы, Курская вобласьць

У ААН гатовыя разгарнуць гуманітарную місію на падкантрольнай украінскім войскам частцы тэрыторыі Курскай вобласьці. Для гэтага арганізацыі спатрэбіцца дазвол Расеі, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на прадстаўніка ААН Стэфана Дзюжарыка.

Раней Міністэства замежных спраў Украіны афіцыйна зьвярнулася да ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа з просьбай далучыцца да мераў гуманітарнага рэагаваньня ў раёнах Курскай вобласьці, якія знаходзяцца пад кантролем УСУ.

У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік Чырвонага Крыжа Галіна Балзамава ў размове з «РИА Новости» заявіла, што супрацоўнікі арганізацыі гатовыя наведаць занятыя УСУ рэгіёны, але толькі пры ўмове гарантыяў бясьпекі ад абодвух бакоў канфлікту.

Расейскія ўлады заяваў ААН і Чырвонага Крыжа пакуль не камэнтавалі. Заяву МЗС Украіны Масква назвала правакацыяй. Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў выказаў надзею, што абедзьве арганізацыі дадуць «цьвярозую ацэнку» заяў Кіева.

На занятых УСУ тэрыторыях Курскай вобласьці, паводле розных ацэнак, могуць заставацца да тысячы мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны заклікала ААН і Чырвоны Крыж далучыцца да гуманітарнай дапамогі жыхарам Курскай вобласьці
  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу.
  • З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.