Забарона на куплю і продаж крыптавалюты па-за беларускімі крыптабіржамі (крыптаабменьнікамі) прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 367 «Пра абарачэньне лічбавых знакаў (токенаў)», паведамляе «Позірк».
Дакумэнт падпісаны 17 верасьня, паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.
Дзеяньне ўказу распаўсюджваецца на «фізычных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў – рэзыдэнтаў ПВТ», гаворыцца ў паведамленьні.
«Дакумэнт прыняты ў мэтах павышэньня абароненасьці грамадзян пры ажыцьцяўленьні зьдзелак зь лічбавымі знакамі (такенамі), а таксама пазьбяганьня магчымасьці ўключэньня крыптавалюты ў махлярскую і іншую супрацьпраўную дзейнасьць», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы кіраўніка дзяржавы.
Сьцьвярджаецца, што ўказ «будзе садзейнічаць разьвіцьцю празрыстага і кантралюемага абарачэньня лічбавых знакаў (токенаў), у першую чаргу крыптавалюты, і перадухіленьню вываду з краіны выкрадзеных з банкаўскіх рахункаў грамадзян грашовых сродкаў шляхам іх абмену на крыптавалюту на замежных крыптапляцоўках».
Указ набывае моц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.
У тэксьце ўказу гаворыцца, што ўрад да 1 чэрвеня 2025 году павінен унесьці прапановы «ў вызначэньні адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне патрабаваньняў гэтага ўказу».
- У Беларусі дзейнічае некалькі крыптабіржаў, створаных пераважна пры падтрымцы Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ): Currency, Bynex Free2ex, Whitebird і інш.
- Сілавыя органы Беларусі рэгулярна даюць справаздачу аб раскрыцьці злачынстваў, у тым ліку махлярства, з дапамогай крыптавалюты.
- Масавыя палітычныя рэпрэсіі, распачатыя ўладамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, заахвоцілі тысячы беларускіх грамадзян аказваць грашовую падтрымку ахвярам перасьледу. Частка ахвяраваньняў фондам салідарнасьці і іншым ініцыятывам ажыцьцяўляецца з дапамогай крыптавалюты. Улады перасьледуюць ахвярадаўцаў у крымінальным парадку.