У Беларусі Ларысу Шчыракову асудзілі на 3,5 года калёніі.
17 верасьня ў нарвэскім Осла ўручылі ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год. Адной з ляўрэатак стала журналістка Ларыса Шчыракова, паведамляе БАЖ.
Узнагароду за яе атрымаў праваабаронца Леанід Судаленка.
Free Media Awards — нямецка-нарвэская прэмія для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Яе заснавалі ў 2000 годзе нямецкі фонд Zeit-Stiftung і нарвэскі фонд Fritt Ord.
Кандыдатаў вылучылі міжнародныя інстытуты і арганізацыі, якія дзейнічаюць ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, або экспэрты па рэгіёне. Міжнароднае журы выбрала ляўрэатаў прэміі.
Паводле праваабаронцаў, цяпер у Беларусі за кратамі ня менш як 34 журналісты.
- Восеньню 2023 году гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову асудзілі на тры з паловай гады зьняволеньня ў калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Паводле матэрыялаў справы, Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Таксама яе абвінавацілі ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для «Вясны» і «Белсату».
- Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні правоў Ларысы Шчыраковай на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- У канцы верасьня 2023 году журналістку этапавалі з гомельскага СІЗА ў жаночую папраўчую калёнію № 4, дзе яна працуе швачкай.