Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ 10 памілаваных палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота

Экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч 17 верасьня агучыў у сваім тэлеграм-канале прозьвішчы яшчэ 10 з 37 палітвязьняў, вызваленых 16 верасьня ўказам Лукашэнкі.

Паводле зьвестак Пратасевіча, на волю выйшлі:

  • Зоя Баранава (пэнсіянэрка, затрыманая 16 верасьня 2024 году і асуджаная паводле артыкулаў «абраза прадстаўніка ўлады» і «абраза Лукашэнкі» — у яе знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы і рэпосты зь іх, а таксама выявы бел-чырвона-белых сьцягоў і «Пагоні»);
  • Аляксандар Пасьцерняк (затрыманы ў Горадні 21 траўня 2023 году за паведамленьне ў першыя дні вайны ў чат-бот «Nexta» пра тое, што беларускія войскі накіроўваюцца ва Ўкраіну; асуджаны паводле артыкулаў «арганізацыя масавых беспарадкаў» і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», вынік суду невядомы);
  • Аляксандар Емяльянаў (34-гадовы мянчук, затрыманы 10 кастрычніка 2022 году; яго абвінавацілі ў «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» і «абразе Лукашэнкі» і асудзілі на 3 гады калёніі);
  • Уладзіслаў Папоў (затрыманы 23 студзеня 2023 году; яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за тое, што з 24 па 25 лютага 2022 году рабіў фота і відэа вайскоўцаў, тэхнікі і вайсковага аэрадрома ў Бабруйску, і асудзілі на 2 гады калёніі);
  • Ігар Барысаў (затрыманы 15 красавіка 2023 году, асуджаны на пазбаўленьне волі паводле 4 артыкулаў: гвалт ці пагроза гвалтам супрацоўніку ўнутраных спраў і прадстаўніку ўлады, абразы Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады);
  • Аляксандар Жандораў (затрыманы 4 траўня 2023 году, асуджаны на пазбаўленьне волі паводле артыкула «распальваньне сацыяльнай варожасьці, учыненае службовай асобай», прысуд невядомы);
  • Сяргей Мацюхевіч (прадпрымальнік зь Берасьця, затрыманы 15 жніўня 2022 году; яго абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» і прысудзілі 3 гады калёніі);
  • Яўген Нарэйка (затрыманы 20 студзеня 2022 году; асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў «гвалт ці пагроза гвалтам у дачыненьні да службовай асобы», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» «групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак»; уключаны ў «сьпіс тэрарыстаў», які вядзе КДБ);
  • Андрэй Астрацоў (жыхар Ліды, затрыманы 7 верасьня 2021 году; асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па 4 артыкулах: пагрозы гвалтам у дачыненьні да службовай асобы і сілавіка, абразы Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады);
  • Віталь Чарнавусаў (жыхар Ліды, затрыманы 25 ліпеня 2022 году, асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за данаты ў фонд падтрымкі рэпрэсаваных).

Незалежна праверыць словы Пратасевіча рэдакцыя пакуль ня мае магчымасьці.

Астатнюю частку сьпісу Пратасевіч паабяцаў апублікаваць увечары 17 верасьня.

16 верасьня Пратасевіч агучыў пяць імёнаў вызваленых палітвязьняў. Паводле ягонае інфармацыі, сярод вызваленых — Аляксандар Фікаў, Тацяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.

  • 16 верасьня стала вядома, што паводле новага ўказу Лукашэнкі на волю выходзяць яшчэ 37 палітвязьняў, асуджаных паводле пратэставых артыкулаў. Паведамляецца, што сярод іх шэсьць жанчын, а таксама людзі з хранічнымі захворваньнямі, інваліднасьцю, пэнсіянэры.
  • З трэцяга ліпеня гэта чацьвёртая хваля памілаваньня палітзьняволеных. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за гэты час на волю па памілаваньні агулам выйшлі 115 чалавек. Да агучаных Пратасевічам 10 прозьвішчаў праваабаронцам былі вядомыя агулам прозьвішчы 57 вызваленых палітвязьняў.
  • Па стане на 17 верасьня ў Беларусі цяпер 1349 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьнем новай групы палітвязьняў Лукашэнка пасылае яшчэ адзін сыгнал?