У бліжэйшы час у пунктах пропуску на мяжы з Расеяй плянуюць разьмясьціць сканэры для праверкі грузаў, якія перасякаюць мяжу, заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Арлоўскі.
Паводле яго, беларускія мытнікі робяць «вялікія намаганьні» для выяўленьня кантрабанды, якую спрабуюць незаконна ўвезьці ў Беларусь.
«Апошнія паўтара года мы ажыцьцяўляем сканаваньне ўсіх пасылак, якія паступаюць у Беларусь ня толькі з трэціх краін, але ў тым ліку і з ЭАЭС, калі яны ідуць ад юрыдычных асобаў да нашых грамадзян. І выяўляем значную колькасць прадметаў, забароненых або абмежаваных да ўвозу. Гэта і зброя, і боепрыпасы, і квадракоптары, і наркотыкі, псыхатропы», — распавёў Ўладзімер Арлоўскі.
Паводле старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту, цяпер надглядная тэхніка ёсьць у пунктах пропуску на заходняй мяжы, і яе шырока выкарыстоўваюць. Скануюць ня толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі, а таксама багаж грамадзян.
«Апошнім часам мы гэты досьвед распаўсюджваем на сканаваньне грузаў, якія ідуць з усходняга напрамку. Пакуль мы робім гэта ў Менску, але плянуем у бліжэйшы час разьмясьціць такія сканэры і ў нашых усходніх мытнях, у Віцебскім рэгіёне, Магілёўскім, таму што большасьць тавараў цяпер перасякае расейска-беларускую мяжу. Хоць тавары замежныя, але ўвозяцца праз расейскі ўчастак. Таму і гэты напрамак мы таксама адпрацоўваем», — заявіў чыноўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мытні Беларусі расказалі пра колькасьць кантрабанднай зброі і пра тое, як працуюць мытнікі на мяжы з Украінай