Зьявіліся ацэнкі стратаў Мазырскага НПЗ ад блэкаўту падчас ліпеньскага ўрагану

Мазырскі НПЗ, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод ацаніў страты, атрыманыя за дні блэкаўту, зьвязанага з наступствамі ўрагану ў Гомельскай вобласьці. Ацэначныя разьлікі паказалі страты ў памеры да 35 мільёнаў даляраў, паведамляе «Флагшток» са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

«Раней (да выхаду завода ў страты ў пачатку 2024 году. — Рэд.) за месяц прыбытак Мазырскага НПЗ мог складаць 20-30 мільёнаў даляраў, а цяпер за тыдзень налічылі 35 мільёнаў даляраў стратаў», — расказала выданьню крыніца.

Крыніца мяркуе, што ў гэтую суму, акрамя рамонтных работ, увайшоў і прастой завода.

Мазырскі НПЗ нясе вялізныя страты з пачатку 2024 году, адзначае выданьне. Сытуацыя пагоршылася пасьля ўрагану, які абрынуўся на Гомельскую вобласьць 14 ліпеня 2024 году. Завод застаўся без электразабесьпячэньня з прычыны абвальваньня лініі электраперадач. Падключэньне да альтэрнатыўных крыніц энэргіі аказалася немагчымым праз ранейшае адключэньне Беларусі ад энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны пасьля ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Пазьней стала вядома пра зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці з прычыны энэргетычнага блэкаўту, выкліканага абрывам ліній электраперадач.

Наступствы гэтага змогуць адчуць на сабе і супрацоўнікі прадпрыемства: кіраўніцтва Мазырскага НПЗ нядаўна азнаёміла пэрсанал з загадам, які прадугледжвае зьніжэньне прэміі для розных цэхаў прадпрыемства, сьцьвярджае «Флагшток».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтуюцца да вайны, а генэратары ня ў стане купіць». Што расказваюць пра сытуацыю ў Мазыры мясцовыя жыхары
  • Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджаньняў у сыстэме электраперадачы, парушэньня водазабесьпячэньня. Гомельская вобласьць стала адной з найбольш пацярпелых, асабліва пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі і Жлобінскі раёны.
  • Праз навальніцы з залевамі і шквалістым ветрам 14 ліпеня электрычнасьць зьнікла ці была парушаная ў 1960 населеных пунктах Беларусі.
  • Паводле інфармацыі МНС Беларусі, ад стыхіі загінулі шэсьць чалавек.