У Санкт-Пецярбургу забілі 53-гадовага антываеннага актывіста Віталія Ёфэ.
Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время» са спасылкай на шэраг расейскіх Telegram-каналаў, у забойстве прызнаўся 20-гадовы квір-блогер Аляксандар Сінько, які ідэнтыфікуе сябе жанчынай. Яго затрымалі.
Інфармацыю аб забойстве бацькі пацьвердзіла ягоная дачка Алена, але абставіны інцыдэнту ёй невядомыя.
Аляксандар Сінько заявіў, што пайшоў на злачынства нібыта ў часе «спробы згвалтаваньня». На целе забітага знайшлі ня менш як 20 нажавых раненьняў. Прызнаньне аб забойстве Аляксандар Сінько апублікаваў у сваім блогу. Яго раней затрымлівалі за правядзеньне акцый у падтрымку ЛГБТ-супольнасьці і абарону транс-людзей.
Віталій Ёфэ, вядомы ў Пецярбургу актывіст, упершыню выйшаў на пратэст пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе. У 2022 годзе, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, разам зь Віталіем на антываенныя мітынгі пачалі хадзіць ягоныя жонка і дачка.
Актывіст праводзіў пікеты і ў падтрымку палітвязьняў, якіх абвінавачвалі ў «фэйках» і «дыскрэдытацыі» арміі. У чэрвені 2024 году, калі Віталій Ёфэ зьбіраўся ўшанаваць памяць загінулага ў калёніі апазыцыянэра Аляксея Навальнага, яму пачалі пагражаць «наступствамі» людзі ў цывільным. Нягледзячы на пагрозы, ён пакінуў каля Салавецкага каменя плакат з надпісам «Гэтае вар’яцтва ня скончыцца, калі мы прадоўжым маўчаць».
Віталій Ёфэ прызнаваўся, што ў цяперашняй Расеі выходзіць на пратэсты становіцца ўсё больш небясьпечна. «Я ня бачу будучыні Расеі, але зьяжджаць не хачу, хоць разумею, што могуць пасадзіць. Так, я баюся крымінальнага перасьледу, але заставацца ў Расеі — гэта мой выбар», — казаў ён.