У 2001 годзе беларускі паэт-пчаляр Мікола Папека, які жыў на Пружаншчыне, заснаваў «Мядовую прэмію». Ляўрэат прэміі атрымліваў пуд мёду. З 2020 году прэмія не ўручалася, бо Мікола Папека быў затрыманы і асуджаны ў берасьцейскай «карагоднай справе». Цалкам адбыўшы пакараньне, Мікола Папека выйшаў на волю 17 сьнежня 2022 году і ў 2023 годзе выехаў у Польшчу.
У нядаўнім інтэрвію Свабодзе Мікола Папека расказаў, што купіў у Польшчы пчальнік, вярнуўся да пчалярства і аднавіў сваю «Мядовую прэмію».
16 верасьня Мікола Папека назваў імёны чарговых ляўрэатаў прэміі. Імі сталі паэтка Валянціна Аксак і пісьменьнік Ўладзімер Арлоў.
«Прэмія выходзіць, калі казаць пра геаграфію, трошкі далей, раней яна была пераважна берасьцейская, цяпер будзе больш пашыраная. Тут для мяне вельмі добра выглядаюць дзьве асобы, гэта муж і жонка Ўладзімер Арлоў і Валянціна Аксак. Валянціна як паэтка, а Ўладзімер вядомы і як паэт, і як празаік, і як гісторык, і як папулізатар гісторыі. Я лічу, што гэта выдатныя асобы для Мядовай прэміі», — патлумачыў свой выбар Мікола Папека ў камэнтары «Радыё Рацыя».
Мікола Папека — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ляўрэат прэміі «Гліняны Вялес», заснавальнік штогадовай літаратурнай «Мядовай прэміі», пераможца якой атрымлівае пуд мёду.
У розныя гады сярод ляўрэатаў «Мядовай прэміі» былі такія вядомыя пісьменьнікі зь Берасцейшчыны як Алесь Каско, Мікола Купрэеў, Леанід Валасюк, Павал Ляхновіч, Мікола Пракаповіч і многія іншыя. А ў 2013 годзе 16 кіляграмаў мёду паехалі ва Ўкраіну да валынскай паэткі Ніны Горык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэт Мікола Папека пра мары ў турме і аднаўленьне на эміграцыі сваёй Мядовай прэміі